Воскресенье, 13 октября 2024

Раённыя спаборніцтвы па плаванні

211

Нашы Пружаны нездарма носяць статус здаровага горада. Магчымасць займацца спортам ці проста ўмацоўваць сваё здароўе даюць Водны і Лядовы палацы, шматлікія спартыўныя пляцоўкі. Апошнія адкрываюцца і ў сельскіх населеных пунктах, а многія іх маладыя жыхары ездзяць на трэніроўкі ў райцэнтр. У прыватнасці, на трэніроўкі па плаванні.

У чарговы раз даказалі гэта раённыя спаборніцтвы па плаванні сярод вучняў 2009 г.н. і маладзейшых. Праводзіліся яны ў рамках круглагадовай спартакіяды школьнікаў і прайшлі на мінулым тыдні ў Водным палацы.

На дарожках спартыўнага аб’екта ў дзень спаборніцтваў сапернічаў 81 юны спартсмен з 18 школ Пружаншчыны. Дзяўчатам трэба было пераадолець дыстанцыю ў 25, хлопцам — у 50 м вольным стылем. Пры гэтым удзельнікі раённых спаборніцтваў былі падзелены на дзве групы. У першую ўвайшлі школьнікі райцэнтра, у другую — вучні сельскіх школ Пружанскага раёна. Пераможцаў вызначалі як у асабістым, так і ў камандным першынстве.

У першым выпадку лепшымі чакаема аказаліся вядомыя чытачам, якія сочаць за навінамі спорту раёна, спартсмены. Сярод дзяўчат першай групы залатую ўзнагароду заваявала Вікторыя Шут (СШ № 5), сярод хлопцаў — Яўген Бойка (СШ № 3). У другой групе наймацнейшымі былі Дар’я Давідчык і Мікалай Янушкевіч, абодва — з Кляпацкай СШ.

Што да камандных спаборніцтваў, то ў кожную зборную ад пэўнай школы ўваходзілі па двое хлопчыкаў і дзяўчынак. У другой групе бронзавым прызёрам па выніках заплываў стала каманда Мокраўскай СШ. На другую прыступку п’дэстала гонару ўзняліся вучні Навасёлкаўскай СШ. І, нарэшце, абсалютную перамогу святкавалі юныя спартсмены Кляпацкай СШ.

А вось сярод гарадскіх школ, каманды якіх спаборнічалі ў першай групе, трэцяе месца заваявалі пружанскія гімназісты. На другім размясціліся вучні СШ № 5. Залатымі ж сталі спаборніцтвы для каманды СШ № 3 г. Пружаны.

Усе пераможцы атрымалі дыпломы аддзела па адукацыі Пружанскага райвыканкама. Яны ж прадставяць Пружанскі раён на абласным этапе спартакіяды. Як адзначылі суддзі спаборніцтваў, падобныя турніры — выдатная матывацыя для школьнікаў. Магчыма, хтосьці з іх, паглядзеўшы на прыклад сяброў ці аднакласнікаў, захоча займацца плаваннем прафесійна. Магчымасцяў жа для трэніровак у Пружанах і раёне дастаткова.

Уладзіслаў Шпарла

Больш фота глядзіце https://vk.com/album-23306785_301929377 і https://ok.ru/budni/album/976228242568