Понедельник, 2 декабря 2024

«Раённыя будні» запускаюць уласную Стымулюючую Праграму для грамадскіх распаўсюджвальнікаў

194

Гэтае пытанне зараз вельмі клапоціць рэдакцыю газеты «Раённыя будні» на фоне эксперымента, які праводзіць паштовая сувязь. Згодна з ім, былых паштальёнаў замянілі на работнікаў мотадастаўкі карэспандэнцыі і прэсы. Стартавала чарговая падпісная кампанія на апошні квартал бягучага года, і яе будучыя вынікі вельмі трывожаць ужо цяпер. Ці змогуць работнікі мотадастаўкі, як некалі гэта рабілі паштальёны, дайсці да кожнага нашага чытача і нагадаць, што прыйшоў час зноў аформіць падпіску? Хтосьці за паўсядзённымі клопатамі проста забывае падпісацца на газету, а хтосьці і памятае пра гэта, але не мае магчымасці наведаць паштовае аддзяленне…

Безумоўна, рэдакцыя не зможа абсалютна падмяніць работу пошты. Хаця некаторыя спробы ў гэтым кірунку ўсё-такі магчымы.

Некалі паспяхова дзейнічаў і развіваўся інстытут грамадскіх распаўсюджвальнікаў. Зараз жа многія і не ведаюць, што на кожным прадпрыемстве, у арганізацыях, нават студэнцкіх калектывах былі актыўныя людзі, якія падпісвалі на газеты і часопісы тых, з кім працуюць або вучацца. Каму трэба, нагадвалі пра падпіску, збіралі грошы, афармлялі бланкі і кантактавалі з поштай у пытаннях будучай дастаўкі прэсы.

У наш час гэты інстытут амаль знік. Вядома, што падобныя абавязкі ўзялі на сябе прадстаўнікі райспажыўтаварыства, завода радыёдэталяў, раёна газазабеспячэння ды малочнага камбіната. Хаця ў нашым раёне амаль дзве сотні арганізацый і прадпрыемстваў з вялікімі працоўнымі калектывамі.

Разгарнуцца ёсць дзе, вось толькі інтарэс адсутнічае. Калі ўлічыць, што ў якасці матэрыяльнага стымулу ад паштовай сувязі грамадскі распаўсюджвальнік атрымлівае ўсяго толькі 2,5% ад кошту падпіскі (за падпісаную на месяц «раёнку» — прыкладна 35 капеек), то для занятку такой справай трэба быць сапраўды адданым ёй.

Таму рэдакцыя газеты вырашыла падтрымаць (а ў ідэале зацікавіць і іншых) грамадскіх распаўсюджвальнікаў і прапануе ўласную Стымулюючую Праграму.

ВОСЬ НАШЫ ПРАПАНОВЫ:

  • Калі ў вашым працоўным калектыве з’явіўся грамадскі распаўсюджвальнік, то, акрамя выплат ад паштовай сувязі, вы атрымаеце фінансавую падтрымку і ад «Раённых будняў»: 1 базавая велічыня за кожныя 20% ад агульнай колькасці работнікаў арганізацыі (для устаноў з колькасцю работнікаў 50 і больш чалавек). Такім чынам, за 40%, падпісаных на «раёнку», выплата складзе 2 б.в. і па такой прагрэсіі далей.
  • Калі ваш грамадскі распаўсюджвальнік паставіць рэкорд сярод іншых падобных актывістаў прадпрыемстваў (пры гэтым на «Раённыя будні» трэба падпісаць не менш за 20% ад агульнай колькасці работнікаў установы), то гэтай арганізацыі будзе дадзена магчымасць бясплатна заказаць тэматычную старонку ў «Раённых буднях» (увогуле ж такая старонка каштуе 600 рублёў). У гэтай публікацыі можна будзе павіншаваць ветэранаў, адзначыць лепшых работнікаў, расказаць пра навінкі прадукцыі і многае іншае.

Для таго, каб далучыцца да гэтай Праграмы, дастаткова выбраць самага актыўнага ў вашым калектыве. Кандыдат павінен звязацца з намі па тэл. 8-029-529-17-30 для таго, каб зарэгістравацца ў спісе ўдзельнікаў і даведацца пра акалічнасці выканання абавязкаў грамадскіх распаўсюджвальнікаў.

Спадзяёмся, што наша прапанова зацікавіць сельгаставарыствы, ільнозавод, дарожныя, камунальныя службы, калектывы сілавых падраздзяленняў, нават прыватныя арганізацыі.

Мы адкрыты для супрацоўніцтва з усімі!