Воскресенье, 20 апреля 2025

«Раённыя будні» и РОЧС провели «антипожарный» рейд

788

З надыходам першага цяпла на ўзмоцнены рэжым нясення дзяжурства пераходзяць выратавальнікі службы МНС раёна. Звязана гэта з тым, што пасля зыходу снегу многія ўладальнікі сядзіб пачынаюць актыўна наводзіць парадак на сваіх участках. І сабранае смецце нярэдка проста паляць. Зразумела, што наймаць транспарт ці самому вывозіць на палігон сухое расліннае смецце — удалы варыянт далёка не для кожнага, бо гэта патрабуе дадатковых і грашовых, і часавых выдаткаў. Куды прасцей спаліць смецце на ўласным падворку. Трэба адзначыць, што заканадаўствам рабіць гэта не забараняецца. Толькі пры выкананні простых, але вельмі важных умоў:
— не паліць кастры пры моцных парывах ветру (звыш
5 м/сек.);
— не падпальваць сухую траву на корані;
— пастаянна кантраляваць агонь;
— трымаць каля сябе рыдлёўку і вядро з вадой.
Акрамя таго, лепш не распальваць кастры паблізу ад пабудоў, асабліва драўляных: тут правіламі прадугледжана абмежаванне адлегласці — не бліжэй чым за 15 метраў.


Ці прытрымліваюцца ўладальнікі сядзіб гэтых патрабаванняў?
Як паведамляюць у раённай службе МНС, вясеннія палы сёлета пачаліся ўжо ў лютым. З таго моманту пажарныя падраздзяленні выязджалі на тушэнне бескантрольных палаў літаральна праз суткі. У выніку такіх неахайных адносін людзей да асабістай бяспекі і наваколля агнём было пашкоджана амаль 650 квадратных метраў урадлівай глебы. У вёсцы Зарэчча ўвогуле быў зафіксаваны выпадак, калі мясцовы жыхар падпаліў сухую траву на корані, а потым суседзям давялося выклікаць пажарных, каб утаймаваць агонь.
У выпадках, калі інспектарам райаддзела па надзвычайных сітуацыях удавалася ўстанавіць асобы такіх падпальшчыкаў, складаліся адміністрацыйныя пратаколы: да адказнасці было прыцягнута шэсць чалавек. Нагадаем, што дзеючым заканадаўствам за вясеннія палы прадугледжана адказнасць у выглядзе штрафу да 40 базавых велічынь, а за бескантрольныя кастры — да 35 БВ.
Падчас «антыпажарнага» рэйда, які правялі карэспандэнты газеты сумесна з работнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, пацвердзілася, што, сапраўды, далёка не ўсе жыхары раёна адказна ставяцца да сваёй бяспекі падчас спальвання смецця і, вядома ж, мала хто звяртае ўвагу на магчымае пакаранне за неналежнае ажыццяўленне такой дзейнасці.


Яскравы прыклад гэтаму мы назіралі ў вёсцы Сланімцы, дзе на вуліцы Вішнёвай на агародзе пасярод жылых драўляных дамоў заўважылі вялікі касцёр. Мяркуючы па ўсім, гарэў ён даўно, але побач не было нікога, хто кантраляваў бы агонь. Больш за тое, на замок была зачынена і хата. Толькі ў суседзяў мы даведаліся, што яе ўладальнікі жывуць у іншым канцы вёскі, а касцёр запалілі тут… звечара і вярнуліся дадому. Работнікі МНС адшукалі гаспадароў для правядзення прафілактычнай гутаркі, і тыя аднагалосна запэўнівалі інспектараў, што кантралявалі касцёр літаральна ўсю ноч па чарзе і з наступленнем раніцы не пакідалі агонь без нагляду. Ці можна верыць гэтым словам? Ці не было б больш разумна пачакаць выхадных дзён, каб спаліць смецце і галлё дрэў? І навошта ўвогуле запальваць касцёр перад надыходам ночы?


Напэўна, уладальнікам той сядзібы варта было б павучыцца ў гараджаніна Аляксандра, які прыехаў наводзіць парадак на сваёй дачы каля в.Слабудка. Дзеля гэтага мужчына спецыяльна прыехаў у вёску зранку і падпаліў галлё, каб касцёр прагарэў да ночы, а гаспадар паспеў патушыць усе вугалькі.

Акрамя таго, на ўсялякі выпадак Аляксандр падрыхтаваў і рыдлёўку, і вядро з вадой, дакладна вымераў адлегласць да бліжэйшых пабудоў і нават пракантраляваў напрамак ветру.
Як зазначае старшы інспектар РАНС В.В. Ліпко, падобныя адносіны да спальвання смецця з’яўляюцца часцей выключэннем, чым правілам. Нярэдка даводзіцца чуць, асабліва ад людзей у гадах, што яны дакладна ведаюць, як правільна паліць кастры, і што вучыць іх гэтаму не трэба. На жаль, такіх людзей «вучаць» толькі трагічныя здарэнні, калі гараць дамы і нават гінуць людзі. Між іншым, такія выпадкі ў папярэднія гады рэгістраваліся і на тэрыторыі Пружаншчыны.
Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).