Пачалася падпісная кампанія на газету «Раённыя будні» на апошні квартал 2024 года. Для супрацоўнікаў рэдакцыі — гэта адзін з самых адказных перыядаў нашай шматграннай дзейнасці. На працягу верасня мы будзем сустракацца з нашымі падпісчыкамі падчас дзён, якія прысвечаны менавіта ім.
Гісторыя і мэта паездкі
У гэты раз мы вырашылі павялічыць абхват сустрэч з жыхарамі нашага раёна. Акрамя прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый райцэнтра, мы ўжо пабывалі і будзем яшчэ ў сельскай мясцовасці. Адна з такіх «круізных» паездак па вёсках Велікасельскага, Сухопальскага і Шарашэўскага сельсаветаў адбылася на днях.
Разам з вадзіцелем-паштальёнам Пружанскага ўчастка паштовай сувязі Бярозаўскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Брэскага філіяла РУП «Белпошта» Віталіем Васіліцай мы праехалі па яго маршруце ад пачатку да фінішу. Адразу скажу, што паездка была цікавай, змястоўнай і вельмі карыснай.
Хтосьці спытае: маўляў, навошта было марнаваць час на ўсё гэта? Справа ў тым, што да нас у рэдакцыю, а таксама і ў райвыканкам паступаюць скаргі ад сталых жыхароў як горада, так і раёна, што да іх не даязджаюць дастаўшчыкі, каб аформіць падпіску на раённае друкаванае выданне. Мы вырашылі праехаць па некаторых маршрутах, каб даведацца, ці так гэта на самай справе.
Крыху пра вадзіцеля-паштальёна
Віталій Васіліца вадзіцелем-паштальёнам працуе ўжо 10 гадоў. Стаж на гэтай пасадзе — даволі вялікі. Не ўсялякі будзе ў такім тэмпе, як Віталій Уладзіміравіч, працаваць. Мы за яго скаардынаванымі дзеяннямі ледзь паспявалі. Вы б бачылі, як да паштальёна спяшаліся вяскоўцы, якія дакладна ведалі час яго прыезду! Нехта прасіў у наступны раз прывезці камбікорм, нехта — цукар. Віталій усе просьбы запісваў у блакнот, адначасова адказваючы на тэлефанаванні. Напрыклад, у вёсцы Вялікае Сяло Міхаіл Міхайлавіч Бухвін падышоў да паштальёна, каб забраць «раёнку», якую выпісвае ўсё сваё жыццё.
Рухі паштальёна былі вывераныя, нічога лішняга. Ён загадзя падрыхтоўваў карэспандэнцыю з газетамі, ведаў, колькі на той або іншай вуліцы ў яго падпісчыкаў, мог пра любога расказаць. Многія чакалі карычневую «буханку» каля веснічак. На пытанне, ці падабаецца работа, Віталій Уладзіміравіч з усмешкай адказаў: «Каб не падабалася, знайшоў бы іншую».
У гэты дзень, калі мы працавалі разам з аўтадастаўкай, маршрут быў непрацяглым.
— Прыходзіцца больш часу працаваць, калі наступае тэрмін выплаты пенсій. Тады ж адначасова афармляем падпіску, — расказаў Віталій Уладзіміравіч.
Дарэчы, пад час нашага аб’езду, не чакаючы выплаты пенсіі, на газету падпісалася Алена Рыгораўна, якая працяглы час працавала ў мясцовай друкарні. Тады выпісвала і зараз не расстаецца з любімай газетай. Ад рэдакцыі яна атрымала невялікі памятны сувенір.
Прыемна было пагутарыць і з Нінай Дулько з вёскі Купічы, якая кожны квартал выпісвае газету, а яе сусед Міхаіл Дулько — адразу на паўгоддзе.
Даволі многа падпісчыкаў у вёскі Чапялі, Вялікае Сяло. А з Ганнай Кірылаўнай Зірко, якая пражывае ў вёсцы Купічы, мы яшчэ крыху пагутарылі аб жыцці.
Жыхарка вёскі Перадзельск Вольга Максімаўна Грыцук, 1933 года нараджэння, расказала, што вельмі паважае нашу газету, заўсёды выпісвае, нягледзячы на дрэнны зрок.
— Не магу я без «раёнкі», яна мне заўсёды патрэбна, — расказвае жанчына.
Колькі людзей, столькі і меркаванняў
Больш за 27 гадоў свайго жыцця я аддаў журналістыцы, друкаваным сродкам масавай інфармацыі, разам з тым пяць гадоў яшчэ прысвяціў правадному радыё. Друкаваўся і ў газеце, выпускаў перадачы мясцовага радыё, праводзіў прамыя эфіры з кіраўнікамі мясцовай улады. Мяне заўсёды цікавілі меркаванні людзей пра тое, што б яны хацелі прачытаць. Работнікі рэдакцыі як на Гомельшчыне, дзе я працаваў, так і тут, на Пружаншчыне, прыслухоўваліся і цяпер прыслухоўваюцца да прапаноў нашых патэнцыяльных падпісчыкаў. Выслухоўваем мы і заўвагі тых, хто ніколі не падпісваўся і не будзе падпісвацца на перыядычныя выданні, і не толькі на «раёнку». Кінутая фраза «Там няма чаго чытаць!» даволі спрэчная і бессэнсоўная. На пытанне: «А што б хацелі прачытаць, якую тэму трэба развіваць?» — мала хто дае зразумелы адказ, толькі кідаюць фразу: «Што-небудзь такое…» На маю думку, «такое» — гэта значыць ператварыцца ў «жоўтую» прэсу, так званы таблоід. Такога кшталту выданні любяць пакапацца ў чужой бялізне, высмактаць з пальца нейкую сенсацыю, раздзьмуць з мухі слана. Такую якасць матэрыялаў мы сабе дазволіць не можам. На старонках раёнкі як дзяржаўнага СМІ друкуецца толькі дакладная, правераная інфармацыя, за даставернасць якой усе журналісты нясуць адказнасць перад законам. І так будзе далей.
Прыемна, калі нашы чытачы пры сустрэчы дзякуюць за газету, са словамі падзякі тэлефануюць у рэдакцыю. І такіх, паверце, нямала.
Мы не закрытыя ад сапраўдных, дзейсных прапаноў, як зрабіць газету цікавейшай, каб задаволіць большасць запытаў нашых цяперашніх і будучых чытачоў.
А што далей?
На днях мы зноў зробім паездку па сельскіх населеных пунктах, правядзем таксама дзень падпісчыка ў арганізацыях і прадпрыемствах раёна. Так, 12 верасня праедзем па населеных пунктах аўтадастаўкі, якая абслугоўвае Хараўскі сельсавет. Дзень падпісчыка пройдзе 13 верасня ў АПС № 1 г. Пружаны, а таксама філіяле РУП «Брэстэнерга» Пружанскія электрасеткі. У сярэдніх школах № 1, № 3, № 4, № 5, гімназіі мы будзем 16 і 17 верасня. Далейшы графік правядзення дзён падпісчыка мы апублікуем крыху пазней, каб не згубіліся тэрміны аб’езду.
Падводзячы вынікі аднаго дня працы з вадзіцелем-паштальёнам, скажу, што патэнцыял павялічыць колькасць падпісчыкаў ёсць. Аб гэтым гаварыў і Віталій Васіліца. Ён паабяцаў зрабіць усё, каб гэты патэнцыял атрымліваў нашу газету. Дарэчы, у гэтым Віталій Уладзіміравіч таксама зацікаўлены.
Віктар Ільюшчанка.
Фота аўтара