Выдатны калектыў аднадумцаў працуе ў аддзяленні паштовай сувязі вёскі Лінова. Ветлівыя паштальёны Жанна Віктараўна Ціханчук, Жанна Рыгораўна Більцэвіч і Вольга Іванаўна Наход даўно сталі жаданымі людзьмі ў дамах вяскоўцаў. Са свежай поштай і добрымі навінамі яны спяшаюцца да кожнага. Надзвычай прыемна, што мясцовыя паштальёны сябруюць з раённай газетай: уменне знайсці свае словы для падпісчыкаў зрабілі гэтых жанчын лідарамі нядаўняй падпісной кампаніі на «Раённыя будні». Дзякуючы іх намаганням, у бягучым годзе «раёнка» будзе прыходзіць практычна ў кожны другі дом жыхароў вёсак Лінова і Аранчыцы.
Хаця, як зазначаюць гэтыя паштальёны, не так складана пераканаць людзей у тым, каб яны аддалі перавагу раённай газеце. Многіх і так прывабліваюць менавіта мясцовыя навіны і аб’явы, аповеды пра сваіх родных, сяброў і проста знаёмых. Пра што і піша «раёнка». Прычым паступова маладзее і чытацкая аўдыторыя, бо атрымліваць з рук паштальёнаў чарговы нумар «Раённых будняў» жадаюць і маладыя сем’і.
Алег СІДАРЭНКА.