Прадстаўнікі раённага савета ветэранаў уручылі сям’і Івана Алякумава і дачцэ Рамана Кротава экзэмпляры кнігі «Гісторыя, расказаная народам». У шматтомным выданні Інстытута эканамічных стратэгій Расійскай акадэміі навук з аповедамі пра лёсы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, фатаграфіямі і дакументамі з сямейных архіваў адзначаны і нашы ветэраны.
Вядомая фраза «ўсё ў гэтым жыцці не выпадкова» поўнасцю падыходзіла і да нашай падзеі, бо ў дзень, калі адзін з экзэмпляраў кнігі атрымала сям’я Алякумавых, свой 100-гадовы юбілей павінен быў адзначыць Іван Міхайлавіч, які зусім крыху не дажыў да гэтага моманту. Старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч уручыў кнігу самаму малодшаму нашчадку героя з мэтай перадаць памяць падрастаючаму пакаленню. Усе прысутныя былі рады гэтаму падарунку, але ў той жа час і расчараваны, што дадзенае выданне не ўбачыў сам герой.

У кнізе можна азнаёміцца з гісторыяй жыцця Івана Міхайлавіча і ўразіцца тым, які шлях ён прайшоў.
У гэты дзень мы сустрэліся і з дачкой Рамана Цімафеевіча Кротава. Ён Ганаровы грамадзянін Пружанскага раёна і поўны кавалер ордэна Славы.
У кнізе «Гісторыя, расказаная народам» распавядаецца аб падзеях жыцця ветэрана, які быў тройчы паранены, але ні разу не зламаны. Яго подзвігамі ганарыцца і дачка Наталля Чарнышова.

— Наш Прэзідэнт праводзіць правільную палітыку, у якой неад’емную частку займае захаванне памяці аб героях Вялікай Айчыннай вайны. Пакуль жыве памяць, будзе жыць і наша краіна. Вельмі прыемна атрымаць у падарунак выданне, у якім ёсць месца і майму бацьку, — адзначыла Наталля Раманаўна.
У сваю чаргу стваральнікі кнігі не маюць намеру спыняцца і плануюць у хуткім часе выпусціць у свет новую частку.
Руслан Басак.
Фота аўтара