Пятница, 23 мая 2025

«Раённым будням» — 80!

1 686

У нядзелю, 20 кастрычніка, споўнілася 80 гадоў раённай газеце. Усе гэтыя гады яна знаходзілася на вастрыі часу, так бы мовіць, адчувала яго пульс і аператыўна асвятляла ўсе значныя падзеі, якія адбываліся ў нашым грамадстве.


У першы год свайго існавання «раёнка» разам з жыхарамі раёна шчыра радавалася вызваленню беларусаў ад прыгнёту польскіх паноў і ўсталяванню новай улады, якая абяцала больш шчаслівае жыццё.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў газета з хваляваннем адсочвала ўсе падзеі, якія адбываліся на фронце, і з усім светам гучна радавалася Вялікай Перамозе…
У мірны час на старонках выдання рэгулярна публікаваліся справаздачы аб нанова адбудаваных дамах у вёсках, аб узвядзенні вытворчых аб’ектаў у горадзе. Жывёлаводы хваліліся надоямі, хлебаробы – ураджаем…

У 1960-я “раёнка” сачыла за запускам у космас спадарож-нікаў, паведамляла пра чарговае выпрабаванне ядзернай зброі, а паралельна – пра электрыфікацыю, асвету і “акультурванне” раёна: статыстыка па адкрыцці школ і клубаў у вёсках уражвала сваімі паказчыкамі…
Мянялася жыццё, а разам з ім пераўтваралася і газета: змянялася яе імя, з’яўляліся новыя рубрыкі, распрацоўваліся новыя формы работы з чытачом… І што б ні адбывалася ў свеце, чытачы раёна атрымлівалі значную порцыю пазітыўнай інфармацыі. Па-ранейшаму галоўнымі героямі зводак, артыкулаў і інтэрв’ю заставаліся працаўнікі сельскай гаспадаркі: паляводы, механізатары, жывёлаводы. Тым не менш, гэта быў і час самых вялікіх тыражоў нашай газеты: у 1985-м у нас было 10000 падпісчыкаў.
Не да ўсмешак і святкаванняў стала напачатку 1990-х. Перабудова, крызіс, заняпад, татальны дэфіцыт адбіваліся і на газеце: яна выходзіла толькі раз на тыдзень. І не з-за недахопу чытацкай увагі, аб‘ёмаў інфармацыі ці грошай, якія пастаянна абясцэньваліся. Прычына банальная: у краіне не хапала газетнай паперы, якую таксама трэба было «даставаць». Былі выпадкі, што друкавалі газету на паперы для афіш. У той час даводзілася старонкам «раёнкі» зіхацець белымі плямамі: такім чынам журналісты выказвалі свой маўклівы пратэст супраць негатыўных грамадска-палітычных праяў…
З іншага боку, гэта быў час своеасаблівага духоўнага адраджэння: пачала расквітаць беларуская мова, а на старонках усё часцей выходзілі паведамленні, што ў той ці іншай вёсцы пачаўся збор сродкаў на аднаўленне храма… Упершыню афіцыйна сталі адзначацца Дзяды і Нараджэнне Хрыстова…
У апошняе дзесяцігоддзе свайго існавання газета па-ранейшаму імкнецца ўздымаць сацыяльныя праблемы, шмат увагі ўдзяляе сельскай гаспадарцы, спорту, культуры, прыслухоўваецца да меркаванняў сваіх чытачоў. Тысячы падпісчыкаў знаходзяць у “раёнцы” шмат цікавай і карыснай для сябе інфармацыі. Будзем спадзявацца, што і надалей яны будуць падтрымліваць «Раённыя будні» сваёй адданасцю. А мы, у сваю чаргу, прыкладзём усе намаганні, каб наступны юбілей газеты сустрэць толькі з добрымі паведамленнямі.