
Гэтымі двума словамі можна апісаць усе тыя эмоцыі, уражанні, слёзы радасці і смутку, усмешкі, а яшчэ гонар бацькоў, педагогаў… Усю тую атмасферу выпускнога балю, які ў мінулую пятніцу прайшоў ва ўсіх сярэдніх школах раёна.

Асабліва ўзнёсла прайшла агульнагарадская ўрачыстасць, падчас якой атэстаты сталасці атрымалі 124 выпускнікі гімназіі, СШ
№ 1 імя ЧБВА, № 3, № 4 і № 5. У многім мерапрыемства складалася з традыцый, аднак менавіта падчас такой падзеі і была патрэбна падобная пераемнасць. Таму што, толькі дзякуючы гэтаму, ва ўсіх дзяўчат і юнакоў застануцца трывалыя цёплыя ўспаміны.
Па традыцыі шэсце выпускнікоў пачалося ад музея-сядзібы «Пружанскі палацык». Каля помніка «Спаленым вёскам» калона спынілася на кароткі мітынг з ускладаннем кветак. Да выпускнікоў звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, які нагадаў моладзі пра тую цану, якую заплаціў наш народ, каб мы маглі адзначаць падобныя святы.

— 84 гады таму вашы равеснікі таксама радаваліся і планавалі сваю будучыню. І ўсё гэта было знішчана вайной. Мільёны юнакоў і дзяўчат, такі ж цвет нацыі, як і вы, загінулі,— паведаміў Мікалай Пятровіч і заклікаў памятаць гэта і прыкладаць усю сваю юную энергію, каб той жах не паўтарыўся.

А на плошчы каля палаца культуры калону выпускнікоў сустрэлі сотні пружанцаў, якія сабраліся, каб павіншаваць герояў урачыстасці. З такой жа нагодай да выпускнікоў звярнуўся і старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, які пажадаў ім «лёгкай дарогі» ў дарослае жыццё. А яшчэ выказаў спадзяванне, што маладыя людзі ў будучым стануць годнай заменай цяперашняму пакаленню працаўнікоў Пружаншчыны. І яго надзея не проста мара, а даволі грунтоўны прагноз, таму што выпускнікі нашых школ паказвалі падчас вучобы высокую паспяховасць. У пацвярджэнне чаго шасці медалістам старшыня райвыканкама ўручыў атэстаты асаблівага ўзору разам з залатымі медалямі. Усяго па раёне такі дакумент атрымалі 11 чалавек, адзін з якіх — з сярэбраным медалём.

З віншавальнымі словамі, запэўніваннем аб тым, што дзяржава вельмі зацікаўлена ў такім папаўненні, звярнуўся член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па
рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч.
Далей традыцыйнасць працягвалася выступленнямі дырэктараў школ, саміх выпускнікоў і, зразумела, апошнім школьным вальсам. Вельмі шчымліва было глядзець, як юнакі і дзяўчаты, нібыта першакласнікі, з хваляваннем чыталі вершы, забываліся і плакалі. А потым атрымлівалі атэстаты, многія яшчэ і з падзякамі за асаблівую стараннасць у вывучэнні розных школьных дысцыплін, віншаванні ад сваіх бацькоў і сяброў, а таксама ад тых, каму яшчэ давядзецца не адзін год «грызці граніт» навукі за вучнёўскімі партамі.
Калі падсумоўваць, то можна адзначыць, што атрымалася яшчэ адна вялікая традыцыя, якая паказвае, што нягледзячы на аб’ектыўныя ці суб’ектыўныя цяжкасці, мы па-ранейшаму захоўваем уменне радавацца разам. І гэта ў пружанцаў вельмі добра атрымліваецца.
Алег Сідарэнка
Фота Кацярыны Масік
