Суббота, 15 марта 2025

Раённы турзлёт на Паперні падарыў класныя эмоцыі і выявіў лепшых сярод працоўнай моладзі (+фота)

892

У нашай краіне вялікая ўвага ўдзяляецца здароўю насельніцтва. Бо здаровы чалавек — энергічны, мэтанакіраваны, жыццярадасны, гатовы на пакарэнне вяршынь дзеля сябе, сваіх родных, любімай Беларусі. Для кожнага беларуса адчынены дзверы сучасных медустаноў, можна наведаць санаторыі і трэнажорныя залы. А яшчэ ёсць магчымасць загартаваць сябе і маральна, і фізічна на турыстычным злёце. Чым і скарысталіся на мінулым тыдні маладыя работнікі прадпрыемстваў і арганізацый.

Якія мэты ставяцца падчас правядзення такога мерапрыемства? Найперш — прапаганда здаровага ладу жыцця, далучэнне да актыўных заняткаў спортам. Ужо традыцыйна для правядзення раённага турыстычнага злёту абіраецца самае маляўнічае месца Пружаншчыны — вадасховішча Паперня. Тут і гаючае сасновае паветра, і непаўторныя краявіды, і рыбалка, і магчымасць атрымаць зарад бадзёрасці не на адзін месяц.

У пятніцу адбылося ўрачыстае адкрыццё раённага турыстычнага злёту, арганізатарам якога традыцыйна стаў раённы камітэт ГА «БРСМ». Сёлета мерапрыемства было прымеркавана да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Нельга ўявіць сабе такое мерапрыемства без судзейскай калегіі. Яе ўзначаліў настаўнік фізічнай культуры ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Пружаны» Аляксандр Бажко. Ён і пажадаў усім пятнаццаці камандам паказаць свае здольнасці і магчымасці падчас правядзення конкурсаў, добра адпачыць і набрацца сіл для новых працоўных здзяйсненняў.

На старт, увага, марш! Па праграме першым заданнем пазначаўся квіз. Па пяць чалавек ад кожнай каманды пісьмова адказвалі на пытанні ў пяці турах. Трэба было паказаць веды па геаграфіі і гісторыі роднай Беларусі, успомніць яе знакамітых сыноў і дачок. А яшчэ дадайце спартыўную тэматыку і веданне беларускай мовы. Варушылі мазгамі ўсе ўдзельнікі квізу, але перамогу святкавала каманда Пружанскага райвыканкама. Так трымаць!

Як праверыць камандны дух на трываласць? Канечне, агульнай гульнёй, напрыклад, у валейбол. Тут кожны павінен быць часткай каманды, старацца не падвесці сваіх паплечнікаў. Стараліся ўсе, але ў некага атрымалася лепш. Таму першае месца было прысуджана камандзе з ААТ «Жураўлінае». Поспехаў ва ўсім!

Чым яшчэ запомніўся першы дзень турыстычнага злёту? Нельга прамінуць кідок вагі на дыстанцыю, дзе мацнейшымі аказаліся маладыя людзі з раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Канечне, конкурсамі «Візітоўка» і «Майстар шэф», падчас якіх адбывалася знаёмства з камандамі, як яны абсталявалі свой быт. Зразумела, як не прысесці журы за стол і не пакаштаваць смакаты, якой была багата кожная каманда: адзін толькі пах шашлыкоў з розных месцаў прымушаў глытаць сліну.

У абодвух конкурсах не было роўных хлопцам і дзяўчатам з ААТ «Ружаны-Агра». Заўсёды трымайце ўдачу ў руках!

На наступны дзень дружна рушылі на спартыўна-турыстычную паласу. Вянок перамогі прымала ў чарговы раз раённая бальніца. Моладзь гэтай жа ўстановы аховы здароўя стала лепшай у спартыўным арыентаванні. А гэта значыць, што яны ніколі не саб’юцца з дарогі, якая вядзе да роднага парога, сцяжынак дзяцінства. Поспехаў ва ўсіх пачынаннях!

І канат цягнулі… Адразу было бачна, хто сапраўды добра пад’еў перад конкурсам, скіраваў сілу духу на перамогу. Вітаем маладых людзей з ААТ «Ружаны-Агра», якія занялі першае месца! Ніколі не спыняцца на дасягнутым!

А вось у фігурным ваджэнні веласіпеда не было роўных камандзе з ААТ «Жураўлінае». Ніколі не збочвайце з правільнага жыццёвага шляху!

Самы прыемны момант! Узнагароджанне, якое прайшло ў нядзелю!

Трэцяе месца па выніках двухдзённага турыстычнага злёту заняла каманда раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

На другую прыступку ўзняліся хлопцы і дзяўчаты з ААТ «Жураўлінае».

А купаліся ў прамянях славы маладыя людзі з ААТ «Ружаны-Агра».

Віншуем з годнымі перамогамі і жадаем надалей прытрымлівацца здаровага ладу жыцця, быць заўсёды жыццярадаснымі і бадзёрымі!

Адна справа спаборніцтвы, але ж трэба і адпачываць. Для гэтага і ў пятніцу, і ў суботу для ўдзельнікаў злёту была наладжана адменная дыскатэка. Вось дзе кожны змог раскрыць усе свае артыстычныя здольнасці ў песнях і танцах! Няхай жа прыемны ўспамін аб дадзеным мерапрыемстве доўга не пакідае каманды, а жаданне прымаць у ім удзел ніколі не знікае.

Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы з мерапрыемства тут: https://vk.com/album-23306785_303309742 і https://ok.ru/budni/album/980855295112