На тры дні мінулага тыдня на возеры Паперня вырас сапраўдны маладзёжны гарадок. З 23 па 25 чэрвеня тут прайшоў штогадовы традыцыйны раённы турыстычны злёт сярод моладзі прадпрыемстваў, арганізацый раёна.
У гэтым годзе мерапрыемства было прысвечана Году міру і стварэння і сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў — 12 каманд. Гэта ў два разы больш, чым летась.
Традыцыйна свае зборныя прадстаўляюць сельгаспрадпрыемствы нашага раёна. Гэта гаворыць пра папулярызацыю масавага спорту і добрую работу прафсаюзных пярвічак. На гэты раз сапернікамі былі каманды філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі», ААТ «Шані-аграпрадукт», «Агра-Калядзічы», «Жураўлінае» і «Пружанскі райаграсэрвіс». Змагаліся таксама медыкі — каманды Пружанскай ЦРБ і абласной псіхіятрычнай бальніцы, культработнікі — каманда гарадскога Палаца культуры. Можна было ўбачыць на Паперні і каманды Пружанскага райвыканкама, Пружанскага лясгаса, цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, КУВП «Камунальнік».
Арганізатары злёту, а гэта ГА «БРСМ», РФСК «Мухавец», Пружанскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў, аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, а таксама ДТСААФ, пакінулі без змяненняў конкурсную праграму злёту. Яна была ўмоўна падзелена на тры блокі: спартыўны, адукацыйны і культурны.
Адкрыў злёт квіз — інтэлектуальнае выпрабаванне, якое ўключала пяць тураў і столькі ж пытанняў у кожным. Лепшай тут была каманда Пружанскага райвыканкама.
Далей распачалі валейбольны турнір, які каманды гулялі на працягу двух дзён. Па выніках матчаў зноў жа ў лідары выйшаў райвыканкам. Таксама праграма пятніцы ўключала спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі (пераможцы — прадстаўнікі ЦРБ), фігурнае ваджэнне веласіпеда (тут лідзіравалі прадстаўнікі «Камунальніка»), конкурс візітовак (перамога — за камандай Палаца культуры) і кулінарны конкурс «Майстар шэф», у якім па-сапраўднаму здзівілі работнікі лясгаса.
У суботу адным з самых складаных іспытаў для каманд, але ў той жа час вельмі відовішчным, была спартыўна-турыстычная паласа. Удзельнікі пераадольвалі купіны, гаць, транспартавалі ўмоўнага пацярпелага і не толькі. Лепш за ўсё справіліся з усімі этапамі работнікі Пружанскай ЦРБ. У кідку вагі на дыстанцыю выдатна сябе паказалі працаўнікі «Жураўлінага». Званне самых трапных пасля спаборніцтваў па дартсе было прысуджана камунальшчыкам. Лепш за іншых з перацягваннем каната справіліся работнікі ААТ «Шані-аграпрадукт». Перамогу ў бліц-турніры па тэме Года міру і стварэння святкавала каманда райвыканкама.
Вынікі раённага турзлёту падвялі ў нядзелю. Бронзавым прызёрам спаборніцтваў стала каманда Пружанскай ЦРБ. На другім месцы размясціліся прадстаўнікі ААТ «Жураўлінае». І, нарэшце, абсалютны пераможца — каманда КУВП «Камунальнік» (на здымку). Яна змагла палепшыць свой мінулагодні вынік: тады камунальшчыкі былі трэцімі.
Паперня падарыла ўдзельнікам мноства яркіх уражанняў, дазволіла актыўна, па-спартыўнаму, творча і інтэлектуальна правесці выхадныя. Нарэшце, адпачыць ад складаных працоўных будняў. Таму, як скажуць пасля члены каманд, спаборніцтвы ўдаліся! А гэта значыць, што праз год яны абавязкова паўторацца. Арганізатары спадзяюцца, што з яшчэ большай колькасцю ўдзельнікаў.
Уладзіслаў Шпарла. Фота прадастаўлена ўдзельнікамі злёту