У чарговы раз аматары пляжнага валейболу з Пружанскага раёна выявілі наймацнейшых. На працягу тыдня шэсць каманд змагаліся за званне пераможцы.

Арганізатарам турніру выступіў РФСК «Мухавец». Як расказала яго інструктар-метадыст Валянціна Валкавыцкая, адна з мэт спаборніцтваў — прыцягненне ўвагі да масавага спорту. Сапраўды, летнім вечарам пляжны валейбол — выдатны варыянт актыўнага адпачынку.
Гэтак жа лічаць і людзі розных узростаў, якія выступалі ў складзе каманд Пружанскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях і райаддзела ўнутраных спраў, ААТ «Роўбіцкае», ліноўскай зборнай і яшчэ адной каманды аматараў валейбола.
Па выніках цікавых і часам напружаных гульняў вызначыліся пераможцы. Бронзавыя ўзнагароды павезлі дадому ліноўскія валейбалісты. Другое месца — у прадстаўнікоў Пружанскага РАУС. А вось галоўны кубак турніру заваявала каманда валейбалістаў, якая прадстаўляла ААТ «Роўбіцкае».

Узнагароджанне пераможцаў каля пружанскай СДЮШАР правёў галоўны суддзя спаборніцтваў Аляксандр Бажко. Трэба сказаць, што многія спартсмены-аматары ўжо заявілі пра свой удзел у турніры ў наступным годзе.
Уладзіслаў Шпарла. Фота прадастаўлена РФСК «Мухавец»