Раённы этап спаборніцтваў па біятлоне «Снежны снайпер» на працягу двух дзён праходзіў на гарадскім стадыёне Пружан.

Хоць за вокнамі студзень, але такіх маразоў і такога снежнага покрыва, які быў падчас спаборніцтваў два гады таму, у 2021-м, сёлетняя зіма нам не падарыла. Менавіта таму стаць на лыжы у хлопцаў і дзяўчат з 17-ці ўстаноў адукацыі раёна зноў не атрымалася. Як і ў мінулым годзе, лыжную эстафету замяніў лёгкаатлетычны крос з прыпынкамі на агнявых рубяжах.
У першы дзень раённых спаборніцтваў, 13 студзеня, удзельнікі змагаліся ў індывідуальным заліку, дакладней, у спрынтарскай эстафеце. У залежнасці ад узроставай групы кожнаму трэба было пераадолець дыстанцыю ад 1,8 да 3 км і закрыць два агнявыя рубяжы. Промах азначаў дадатковыя метры дыстанцыі. Тым не менш, многім удалося справіцца з хваляваннем.
Такім чынам, у старэйшай узроставай групе (2008-2009 г.н.) лепшымі сталі Арцём Казлоўскі з СШ №5 і Юлія Покала з СШ №3. Абсалютныя лідары ў сярэдняй групе, у якой змагаліся школьнікі 2010-2011 г.н., — Пётр Арцямук (СШ №4) і Валянціна Патоцкая (СШ №3). У старэйшай (2012-2013 г.н.) не было роўных Раману Скрэбневу і Соф’і Арцямук, якія прадстаўлялі СШ №4.
Азарту дадаў другі дзень «Снежнага снайпера» — камандныя старты. Склад зборных — як у сапраўдным біятлоне: два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Кожнага чакаў агнявы рубеж з пяці мішэняў. Пры промаху можна было выкарыстаць дадатковы патрон або прабегчы дадатковы круг.
Вынікі эстафеты наступныя. У старэйшай узроставай групе на першым месцы каманда СШ №3, на другім — вучні СШ №5, на трэцім — юныя спартсмены са Слабадской СШ. Першыя ў сярэдняй — зноў жа прадстаўнікі СШ №3, слабадскія школьнікі занялі тут другое месца, а вучні СШ №4 размясціліся на трэцім.

А вось у малодшай групе залатыя ўзнагароды якраз-такі ў каманды СШ №4, сярэбраныя медалі заваявала зборная СШ №5, бронзавыя — у эстафетнай каманды СШ №3.
Усе пераможцы атрымалі заслужаныя медалі і дыпломы ад арганізатара — РФСК «Мухавец». Усе ўдзельнікі дакладна зарадзіліся добрымі эмоцыямі, многія сустрэліся з сябрамі, разам з якімі ўжо не адзін год прымаюць удзел у гэтых спаборніцтвах.
Зборная каманда з ліку пераможцаў раённага этапа прадставіць Пружаншчыну на абласным. Па папярэдняй інфармацыі, ён пройдзе ў аг. Мір Баранавіцкага раёна напрыканцы студзеня — у пачатку лютага. Спадзяёмся, што падчас наступных этапаў спаборніцтваў прырода ўсё ж парадуе нас снежным покрывам і традыцыйныя спаборніцтвы па біятлоне апраўдаюць сваю назву.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбом з першага дня спаборніцтваў: https://vk.com/album-23306785_290774560