Понедельник, 2 декабря 2024

Раённы бюджэт — пад жаночым наглядам. Калектыў фінаддзела райвыканкама сёння адзначае прафесійнае свята

708

Сёння адзначаецца Дзень банкаўскіх і фінансавых работнікаў. Калектыў фінансавага аддзела райвыканкама — выключна жаночы. Напэўна, таму фарміраванне раённага бюджэту і размеркаванне фінансавых патокаў з яго настолькі філігранна адрэгулявана, што кожная падведамасная галіна атрымлівае ўсё неабходнае. Роўна 10 гадоў кіруе аддзелам Наталія Красоўская, якая ўвогуле адпрацавала тут больш за 30 гадоў.

На першым плане — начальнік фінаддзела Наталія Красоўская разам з загадчыкам сектара Юліей Козел. За імі (злева направа) — галоўны спецыяліст Марына Іванаўскас, вядучы бухгалтар Наталля Рудкевіч, намеснік Алена Мураталіева, загадчык сектара Алена Жабрун і галоўны бухгалтар Ала Каробка.

— Усе нашы задачы можна скласці ў адну — захаванне дасягнутага ўзроўню сацыяльных паслуг і якасці жыцця насельніцтва, падтрымліваючы рэальны сектар эканомікі. Таму значную частку ў раённым бюджэце складаюць выдаткі на аплату працы, дапамогі, іншыя выплаты з улікам дзяржаўных сацыяльных стандартаў, — зазначае Наталія Мікалаеўна.

Па словах начальніка аддзела, задачы, якія пастаўлены перад галоўнымі фінансістамі раёна, па сілах усім цяперашнім супрацоўніцам. Тут працуюць 8 чалавек з вышэйшай адукацыяй і значным вопытам работы, таму паспяхова выконваюць свае абавязкі. А яны даволі складаныя, бо жанчынам даводзіцца скрупулёзна разбірацца ва ўсіх акалічнасцях той ці іншай галіны. Гэта неабходна для таго, каб правільна вызначыць, якія задачы патрабуюць фінансавання ў першую чаргу і ў якім аб’ёме. А яшчэ калектыў кантралюе своечасовае і поўнае паступленне ўсіх даходаў у бюджэт, а таксама мэтавае і эфектыўнае расходаванне сабраных сродкаў, удзельнічае ў распрацоўцы і рэалізацыі прагнозаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Пружаншчыны, рэгіянальных праграм і мерапрыемстваў.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік