Четверг, 16 января 2025

Раённы агляд-конкурс «Лепшая шматдзетная сям’я»

520

На мінулым тыдні ў малой зале гарадскога Палаца культуры прайшоў раённы агляд-конкурс «Лепшая шматдзетная сям’я». Удзел у мерапрыемстве прынялі сем’і Бахмецьевых, Шчаўкуновых,
Тарасевічаў.

пазнаёміў усіх прысутных у зале з сем’ямі ўдзельнікаў. Так, Васіль і Вікторыя Бахмецьевы выхоўваюць шасцёра дзяцей, а сёлета адзначаць свой 20-гадовы юбілей сумеснага жыцця.

Сям’я жыве па правіле: «Сумнага — абняць, галоднага — накарміць, бруднае — памыць, адкрытае — зачыніць».

Аляксандр і Кацярына Шчаўкуновы знаходзяцца ў шлюбе 7 гадоў. Сям’я выхоўвае траіх непаўналетніх дзяцей. Правіла сям’і: «У гасцях добра, а дома лепш».

Аляксандр і Кацярына Тарасевічы знаходзяцца ў шлюбе ўжо 13 гадоў. За гэты час у іх нарадзілася пяцёра дзяцей. Сямейнае правіла: «Жывём, каханне сваё захоўваючы, мы зможам усё — бо мы сям’я».

Ацэньваць канкурсантаў і выяўляць пераможцаў спаборніцтва было запрошана журы на чале з намеснікам старшыні Пружанскага райвыканкама Русланам Супрыновічам, які пажадаў, каб удзельнікі конкурсу атрымалі выключна станоўчыя эмоцыі, а барацьба за званне пераможцы была сумленнай.

«Радавод» — візітная картка сям’і, так называўся першы конкурс. У ім сям’я Бахмецьевых прадставіла цікавае відэа пра гісторыю стварэння сваёй сям’і, Шчаўкуновы арыгінальна пералічылі ўсіх сваякоў, паказаўшы фота кожнага, а Тарасевічы разам з відэаролікам далі слова кожнаму дзіцяці, каб яны расказалі пра сябе.

У другім конкурсе «Мая сям’я — мая краіна» ўсе цудоўна справіліся з заданнем. Так, сям’я Бахмецьевых прадставіла фатаграфіі, паралельна агучваючы, што азначае для іх слова «сям’я». Шчаўкуновы, акрамя фатаграфій, расказалі ў вершаванай форме пра сябе. А Тарасевічы прадэманстравалі невялікае відэа і выдатна прачыталі верш. У кожным з выступленняў была сувязь паміж сям’ёй і краінай.

У апошнім конкурсе «Нашы таленты» мы змаглі ўбачыць, наколькі ўсе сем’і сапраўды таленавітыя і цудоўныя. Паказаныя нумары былі па-свойму вельмі цікавымі. Бахмецьевы выканалі песню пра Беларусь. Сям’я Шчаўкуновых прадэманстравала выдатную фізічную падрыхтоўку і добрыя танцавальныя навыкі. А сям’я Тарасевічаў падрыхтавала цэлую сцэнку з дамашняга жыцця.

Выбраць пераможцу было цяжка, бо ўсе выдатна справіліся з кожным конкурсам. У выніку пасля доўгай нарады журы размясціла ўдзельнікаў у наступнай паслядоўнасці. Трэцяе месца заняла сям’я Тарасевічаў. На другім месцы размясціліся Бахмецьевы. А пераможцам стала сям’я Шчаўкуновых.

Няхай пад дахам вашай хаты заўсёды пануюць узаемадапамога і ўзаемаразуменне. Няхай ваш хатні ачаг заўсёды свеціцца каханнем і шчасцем!

Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік