Кожны дзень мы стаім перад пэўным выбарам, які можа тычыцца як дробязей, так і сур’ёзных спраў. Напрыклад, старшакласнікі падыходзяць да аднаго з самых важных выбараў у жыцці – прафесійнага самавызначэння. Разабрацца ў вялікай разнастайнасці магчымых варыянтаў будучай дзейнасці падлеткам дапамагло кіраўніцтва раёна, якое 4 студзеня арганізавала прафарыентацыйнае мерапрыемства «У свеце прафесій».
У мэтах павышэння матывацыі моладзі да свядомага выбару прафесіі, пашырэння эфектыўнасці мэтавай падрыхтоўкі на сустрэчу ў Палац культуры былі запрошаны вучні 10 і 11 класаў з усіх школ раёна і прадстаўнікі самых буйных прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў Пружаншчыны.
Маладыя людзі падыходзілі да стэндаў раённых арганізацый, уважліва разглядалі выставачны матэрыял, задавалі пытанні, бралі брашуры і лістоўкі.
Галоўная частка мерапрыемства праходзіла ў фармаце «адкрытага мікрафона» – кожны школьнік мог задаць пытанне экспертам у рэальным часе, і некаторыя скарысталіся такой магчымасцю.
У якасці спікераў былі заяўлены першы намеснік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Вярэха, галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Дзмітрый Сачэўка, спецыяліст па кадрах ААТ «Пружанскі льнозавод» Дар’я Якімовіч, начальнік аддзела кадраў ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў» Таццяна Кавальчук, начальнік кадравай службы Пружанскага райспажыўтаварыства Аксана Шыпуль, начальнік ПМК-22 Іван Нінічук, намеснік начальніка РАНС Мікалай Комар, начальнік аддзялення ДАІ Сяргей Мышкевіч, загадчыца паліклінікі Пружанскай ЦРБ Вольга Барысюк, настаўнік СШ № 5 Таццяна Дараховіч, намеснік галоўнага інжынера па рабоце з персаналам філіяла «Пружанскія электрасеткі» РУП «Брэстэнерга» Аляксандр Макарэвіч, дырэктар Пружанскага лясгаса Віктар Карніенка, а таксама прадстаўнікі Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Яны падрабязна і цікава расказалі пра свае ўстановы.
Напрыканцы мерапрыемства школьнікі адправіліся на экскурсіі ў розныя арганізацыі.
Старшакласнікі падзяліліся сваімі думкамі.
Раман Ярмоленка, вучань СШ № 1:
— Выбар прафесіі — вельмі сур’ёзны, адказны крок, перад якім трэба ўсё грунтоўна ўзважыць. Пакуль што я дакладна не вызначыўся. Бачу сваю дзейнасць у будучым звязанай з законам, можа ў якасці юрыста або правазнаўцы. Ад сённяшняга мерапрыемства я чакаю атрымання новую карысную інфармацыю, якая, магчыма, сапраўды дапаможа мне вызначыцца з выбарам прафесіі. Мэтавае накіраванне я бы не стаў падпісваць, хаця і разумею яго перавагу. Проста я мару перабрацца ў больш вялікі горад.
Анастасія Барысевіч, вучаніца СШ № 3:
— Я вучуся ў профільным класе, паглыблена вывучаю хімію і біялогію. Канчаткова не вырашыла, што будзе пасля апошняга званка. Першы варыянт – пайсці ў медыцыну, другі – стаць інжынерам. Прафарыентацыйныя мерапрыемствы вельмі карысныя, яны дапамагаюць больш выразна пабачыць будучыню. Я ўпэўнена ў сваёй моцы, таму мэтавае накіраванне браць не буду, лічу, што гэтая магчымасць можа больш спатрэбіцца іншым абітурыентам.
Арцемій Азарка, вучань СШ № 1:
— Я хачу пайсці па слядах бацькі (ён займаецца рамонтам пральных машын). Адпаведную адукацыю планую атрымаць у Магілёўскім універсітэце харчавання на механічным факультэце. Сённяшняе мерапрыемства карысна для агульнага развіцця, але я хачу паспрабаваць пажыць у вялікіх гарадах, больш схіляюся да Брэста, таму браць мэтавае накіраванне не планую. Думаю, што многім маім равеснікам сённяшняя сустрэча сапраўды дапаможа вызначыцца з прафесійным шляхам.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік