Воскресенье, 13 октября 2024

«Раёнка» завітала ў ААТ «Шані-аграпрадукт»

516

Усе гаспадаркі краіны, пачынаючы з ранняй вясны і заканчваючы позняй восенню, стараюцца забяспечыць сваіх работнікаў, асабліва тых, хто задзейнічаны на палявых работах, гарачымі, самымі смачнымі, з любоўю прыгатаванымі абедамі і вячэрамі.

Заўсёды трэба старацца падмацоўваць словы справай. Таму цікаўныя з «раёнкі» завіталі ў ААТ «Шані-аграпрадукт», каб на свае вочы пабачыць, як у гаспадарцы арганізавана харчаванне сельскіх працаўнікоў?

Сельгаставарыства мае сваю прыгожую і ўтульную сталовую, якая не так даўно была адрамантавана. Унутры памяшканне светлае, сталовы інвентар новы. Словам, станавіся і гатуй.

І гатуюць! Чатыры чароўныя, усмешлівыя і працавітыя работніцы грамадскага харчавання завіхаюцца ля пліты, паказваюць сваё кулінарнае майстэрства, каб стравы былі вышэйшага гатунку, як дома. На сёння недзе каля 60 чалавек у ААТ «Шані-аграпрадукт» забяспечаны гарачым харчаваннем непасрэдна па месцы працы. Зручна, і час не губляецца, бо ўвага аграрыяў цяпер скіравана на падрыхтоўку глебы і сяўбу яравых. А так перакусіў — і з новымі сіламі за работу. Каб дастаўляць стравы аператыўна, у гаспадарцы за-дзейнічана два аўтамабілі.

Не маглі прайсці міма пытання: а меню? Па словах повара Святланы Кабрынец, яно знаходзіцца на пастаянным кантролі ў намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Крысціны Асіпчук. Меню складаецца з чатырох блюд. І абавязкова кожны дзень мяняецца. Карэспандэнтам прадэманстравалі наступны абед: суп рыбны, смажаніна па-дамашняму, салата каляровая і кісель. Адкуль прадукты? Ялавічына і бульба пастаўляюцца ў сталовую непасрэдна з гаспадаркі, астатняе даводзіцца закупляць.

Аграрыі падчас вясенніх палявых работ выхадных не маюць, а есці хочацца кожны дзень і не адзін раз. Таму нават у суботу і нядзелю даводзіцца работніцам сталовай выходзіць на працу. І нічога тут не зробіш, бо ў сельгаставарыствах інакш быць не можа: справа робіцца адна, таму і адказваць за яе вынік трэба толькі разам.

Жыццё на вёсцы, праца ў сельскай гаспадарцы не самыя лёгкія. Але людзі там не скардзяцца, бо ведаюць цану хлеба, прывыклі сваім мазалём яго здабываць, прыкладаючы для гэтага немалыя намаганні. Але калі добра і сытна пад’есці, тады і горы можна звярнуць.

Вадзім Раўнейка