Среда, 15 января 2025

«Раёнка» ў доме — жаданая госця! Чытаем пісьмы нашых любімых чытачоў

494

Калі хто спытае ў мяне, што найбольш падабаецца ў журналісцкіх буднях, адкажу шчыра: зносіны з чытачамі. Прыемна, што багатымі на іх аказваюцца студзеньскія паслясвяточныя дні, калі падводзяцца вынікі рэдакцыйных конкурсаў і мы пачынаем заахвочваць сціплымі (але ад усёй душы) падарункамі іх удзельнікаў. І знаёміцца з пісьмамі, у якіх — шчырыя віншаванні, пажаданні, аповеды пра сваё жыццё з газетай.

«Мая сям‘я чытае раённую газету ў трэцім пакаленні. Парадку 70 гадоў сябруем з ёй! Мае дзядуля з бабуляй выпісвалі «Чырвоны сцяг», бацькі — «Зару камунізму», мая сям‘я — «Раённыя будні», — піша жыхар Пружан Уладзімір Іванавіч Кравец. — Ваша газета заўсёды падавала сваім чытачам цікавую і разнастайную інфармацыю па самых надзённых праблемах раёна. Яна была і застаецца нераўнадушнай да ўсіх падзей, што адбываюцца ў рэгіёне, нашай дзяржаве. Калектыву рэдакцыі хочацца пажадаць, каб вы здолелі не толькі захаваць якасць і стыль выдання, але і зрабіць яго яшчэ больш сучасным. А самае галоўнае пажаданне, каб яшчэ шмат гадоў газета знаходзіла свайго чытача і была галоўным інфармацыйным полем у нашым раёне».

Вельмі прыемна чытаць падобныя радкі і асэнсоўваць, што, нягледзячы на цяперашняе багацце інфармацыйных рэсурсаў, мы застаёмся патрэбнымі. І маем адданых сяброў. Сярод іх — і пенсіянерка Алена Іванаўна Піліпчук з в. Слабудка.

«Хочацца ад усёй душы выказаць падзяку работнікам рэдакцыі за прафесіяналізм, любоў да сваёй работы і нас, чытачоў. У кожным выпуску, кожным артыкуле адчуваецца грунтоўнасць, канструктыўнасць і жаданне зацікавіць. Атрымліваю задавальненне ад чытання: артыкулы лаканічныя, зразумелыя, прасякнутыя павагай да чытачоў. Унучка мая даўно кажа, што «раёнку» можна чытаць у інтэрнэце. Але я па-ранейшаму аддаю перавагу сапраўднай, «жывой» газеце. А які пах свежанадрукаванага выдання! У інтэрнэце яго не пачуеш. Прыемна, што газета наша стала такой маляўнічай, настрой падчас чытання яшчэ больш прыўздымаецца. І радуе, што выдаецца «раёнка» на беларускай мове. Я нават ганаруся гэтым: прыходзіць на працу маладое пакаленне, якое тым не менш ведае і не забывае родную мову. Напэўна, гэта дае свой плён: я заўважыла, што на старонках сустракаюцца вершы, напісаныя па-беларуску нашымі дзецьмі».

Святлана Уладзіміраўна Данілюк з в. Навасёлкі Сухопальскага сельсавета называе Пружаншчыну «райскім кутком на Зямлі» і прызнаецца, што з нецярпеннем чакае кожны наступны нумар «раёнкі», дзе можа прачытаць нешта новае пра родныя мясціны. Газету сама выпісвае больш за 30 гадоў, а чытае — з дзяцінства, бо выпісвалі бацькі. «Ведаю з газеты ўсе мясцовыя навіны, бачу на здымках знаёмыя твары, радуюся добрым пераменам у горадзе і раёне», — кажа жанчына. Больш за 30 гадоў яна працуе медсястрой у Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду, таму любіць чытаць пра медыцыну, з‘яўляецца старастай сваёй вёскі — і ў коле інтарэсаў артыкулы пра жыццё ў сельсаветах. Цікавыя ёй і аповеды пра творчых, адораных людзей рэгіёна.

А вось Васіль Васільевіч і Антаніна Віктараўна Клімашэвічы з в. Семянча пішуць, што не толькі навінамі свайго раёна, але і палітыкай цікавяцца. І знаходзяць адпаведныя артыкулы ў «раёнцы».

«Сёлета будзе ў нас 50 гадоў сумеснага жыцця, а калі пачалі выпісваць газету, нават успомніць цяжка, вельмі даўно. І цяпер аддаём перавагу ёй і правераным навінам, хоць дзеці, калі прыязджаюць у госці, кажуць, што мы «старамодныя», у інтэрнэце не сядзім. Ды навошта нам інтэрнэт, дзе, нам здаецца, не заўсёды і звесткі праўдзівыя. З ранняй вясны да позняй восені хапае работы на дачы, дзе зямлі ў нас 20 сотак. Тут і жывём, з‘ехалі з горада. Зімой з вольным часам крыху лепш, таму вырашылі склеіць карцінку, паўдзельнічаць у конкурсе. Тым больш, што сёлета карцінка — каляровая. Вельмі прыемна, што газета стала прыгожай, з якаснымі фотаздымкамі на першай старонцы. Ды і чытаць яе цікава».

Васіль Васільевіч дадаў да пісьма некалькі ўласных вершаў. Прызнаўся, хоць і не паэт, але цягне часам выкласці свае думкі на паперы. Пра сённяшняе жыццё, пра плот, пабудаваны на мяжы нашымі польскімі суседзямі. Наогул, яго цяперашняе хобі — пчалярства — садзейнічае роздуму.

Верш атрымалі мы і ад Галіны Велясюк з в. Ляжайка. Галіна Генадзьеўна расказала, што спачатку бацькі, а потым яе сям‘я заўсёды выпісвалі шмат перыядычных выданняў. І раённая газета абавязкова прысутнічала тут ва ўсе часы. Цяпер падпіска становіцца нятанным задавальненнем, але «раёнка» па-ранейшаму жаданая госця.

З «Зарой камунізма» я нарадзілася,
З «Раённымі буднямі» зараз жыву.
І вось паўстагоддзя ўжо адлічыла,
З любімым выданнем ў нагу я іду.
Яго шмат гадоў мы чакаем з ахвотай,
Імкнёмся навіны пра ўсё прачытаць,
А зараз яшчэ каляровыя фота!
І вельмі прыемна іх усе разглядаць.
Тут можна ўбачыць знаёмыя твары,
Са святамі родных, сяброў павітаць.
(Таксама была я тут разікаў пару,
Нябрыдка і ўнучцы цяпер паказаць).
Віншую са святамі ўсіх жыхароў,
Здароўя і шчасця ўсім шчыра жадаю.
Хай наша «раёнка» зіхаціць шмат гадоў!
Натхнення ў працы! Усіх абдымаю!

Дзякуй усім за добрыя словы ў адрас газеты. Мы спадзяёмся, што эстафету ў нашых верных чытачоў і прыхільнікаў — людзей сталага і сярэдняга ўзросту — падхопяць і дзеці. Нездарма ў гэты раз пэўная колькасць конкурсных карцінак была даслана самымі юнымі чытачамі. Сярод іх былі і дзеці са шматдзетнай сям‘і Францэвічаў з в. Куплін. Наогул, як расказала мама Жанна Рыгораўна, у конкурсе вырашылі паўдзельнічаць школьніцы Маша і Таня. А вось па суцяшальны падарунак — цукеркі — адправілася з мамай самая меншая з пяці дзяцей, пяцігадовая Маргарыта. Спадзяёмся, падзеліцца з братамі і сёстрамі.

І як не паверыць у тое, што выпадковасцей не бывае? Аўторак 30 студзеня, калі мама з дачкой прыйшлі па падарунак, аказаўся знамянальным днём у вялікай сям‘і. Якраз у гэты дзень роўна 25 гадоў таму Францэвічы згулялі вяселле! І… у гэтым жа годзе сталі падпісчыкамі «раёнкі». Вось такія прыемныя супадзенні.

Шчыра віншуем са знамянальнай датай і жадаем вялікай сям‘і і ўсім нашым чытачам самага галоўнага: мірнага неба над галавой. А яшчэ здароўя і дабрабыту, любві і шчырасці, каб сямейны ачаг саграваў сэрцы, каб беды абыходзілі вашы дамы.

З павагай, Ірына Сядова.

Фота аўтара і Уладзіслава Шпарлы