Пятница, 17 января 2025

Расстраляных фашыстамі жыхароў пушчанскіх вёсак успомнілі падчас мітынгу каля помніка «Падаючыя крыжы» (+ фотарэпартаж)

456

Традыцыйным стаў мітынг пад назвай «Памяць», які праходзіць штогод у першую нядзелю жніўня на мемарыяле «Падаючыя крыжы». Гэты помнік, хто не ведае, знаходзіцца ў Белавежскай пушчы, непадалёк ад польскай мяжы.

Тут у 1941 годзе фашысты расстралялі 130 жыхароў Белавежы, Гайнаўкі, Шарашэва, Борак і іншых населеных пунктаў. Ахвярамі генацыду сталі беларусы, палякі, яўрэі. Ці можна такое забыць?

Як расказала, звяртаючыся да прысутных (а сёлета сюды з‘ехалася як ніколі шмат людзей), краязнаўца з г.п. Шарашэва Тэрэза Панамар, кіраўніцтва фашысцкай Германіі вырашыла, што мясцовае насельніцтва ў гэтым маляўнічым месцы будзе замінаць забаўляцца вышэйшаму каманднаму саставу рэйха, весці паляванне. Было прынята рашэнне пазбавіцца ад мірных людзей. Для нацыстаў зрабіць гэта было вельмі проста. Што для іх чалавек іншага веравызнання, тым больш не сапраўдны арыец з патрэбным памерам чэрапу. Страшэннае злачынства было ўчынена. Лічба 130 — гэта толькі афіцыйна ўстаноўленых, а колькі яшчэ ў пушчы невядомых магіл. Нам яшчэ працаваць і працаваць над устанаўленнем асоб закатаваных. На жаль, сёлета сюды не змаглі трапіць сваякі расстраляных, якія жывуць у Польшчы: польскія пагранічнікі не далі ім такой магчымасці. Шкада, што ў суседняй краіне актыўна вядзецца «перазагрузка» каштоўнасцей.

Пра важнасць захавання памяці аб той вайне, аб ахвярах фашыстаў, аб геройскім подзвігу нашых продкаў гаварыў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч.

Ад імя маладога пакалення выступіў намеснік камандзіра пагранзаставы лейтэнант Дзмітрый Патапаў.

Словы ксяндза Яцэка Дубіцкага пра патрэбу захаваць мір, жыць з Госпадам у душы, рабіць дабро, каб не паўтарыліся тыя страшныя гады, пранікалі ў самае сэрца. Малітоўны чын памінання забітых разам з хорам «Амафор» зрабіў настаяцель царквы ў вёсцы Новыя Засімавічы іерэй Сергій Сысаляцін.

Мінута маўчання была пранізлівай, нават птушкі змоўклі.

Да помніка ўсклалі вянкі і кветкі ад удзячных патомкаў. Людзі падыходзілі, кланяліся, дакраналіся да надгробных камянёў, моўчкі ўзгадвалі сваіх продкаў, людзей старэйшага пакалення, памяць пра якіх захоўваецца ў сям‘і, у сэрцы.

Няхай жыве наша памяць…

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара

Фотаальбом з мітынгу: https://vk.com/album-23306785_285544942