Понедельник, 2 декабря 2024

Расказваем, як ідзе падкормка азімых у гаспадарках раёна, і паказваем гэты працэс у ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс»

307

Спусташэнне глебы — заканамерная з’ява пры вырошчванні любых культур. Расліны выцягваюць з урадлівага слоя пажыўныя рэчывы. Аднаўленне ўрадлівасці глебы адбываецца натуральным чынам, але тэмпы гэтага працэсу дастаткова нізкія. І тут галоўны памочнік руплівага гаспадара — арганічныя і мінеральныя ўгнаенні. Калі іх уносіць кожны год, то негатыўны ўплыў на ўрадлівы слой зніжаецца да мінімуму або зусім знікае.

Ідзе падкормка на палетках ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс».

На дадзены момант поўным ходам ідзе падкормка мінеральнымі ўгнаеннямі азімых сельгаскультур, каб яны добра пайшлі ў рост пасля зімы, аднавілі, свае сілы. Напрыклад, з падкормкай азімага рапсу справіліся ўсе сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна. Шматгадовыя травы таксама не застаюцца без увагі, іх трэба падкарміць на 11378 га. Але тут загваздка ў тым, што некаторым гаспадаркам раёна не дае гэта зрабіць вялікая вада, якая разлілася па зямельных угоддзях, пра што мы пісалі ў газеце раней. Пакуль дадзеная работа праведзена на 89%.

Сяргей Астапчык каля самаходнага апырсквальніка «Раса».

Што датычыцца азімых збожжавых на зерне, то на пятніцу бягучага тыдня заставаўся 451 га ў філіяле «Айчына» ААТ «Белавежскі» (81%). Па раёне агульная лічба складае 21040 га. У ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» плошчы азімых збожжавых складаюць 1150 га. Выкарыстоўваючы КАС (сумесь водных раствораў аміячнай салетры і карбаміду), на гэтым тыдні ў райграсэрвісе па прыездзе карэспандэнтаў падкормка азімых праводзілася на плошчы ў 117 га каля в. Купічы. Гэта, дарэчы, адзінае азотнае ўгнаенне, якое ўтрымлівае тры формы азоту: нітратны, амонійны і амідны. Такое спалучэнне забяспечвае паўнацэннае жыўленне раслін азотам. А яшчэ ўнясенне КАС як вадкіх угнаенняў больш раўнамернае ў параўнанні з цвёрдымі, грануляванымі. Па словах трактарыста-машыніста Сяргея Астапчыка, на 1 га зрасходуецца 150 кг мінеральнага ўгнаення, адпаведна, адной запраўкі хапае на 3 га. Работа, як кажуць, не пыльная, але патрабуе строгага выканання тэхнікі бяспекі і выкарыстання сродкаў абароны.

На падвозе КАСа за-дзейнічаны вадзіцель з амаль 30-гадовым стажам Аляксандр Патапчук.

Наступае гарачая пара для аграрыяў, калі ў чарговы раз правяраецца іх дасведчанасць у рабоце на зямлі. Яна, наша карміцелька, бывае шчодрай толькі для працавітых людзей, а такіх у нашым раёне больш чым дастаткова.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік