Па традыцыі напрыканцы года праводзіцца выніковае пасяджэнне раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху, узначальвае якую намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гук. У сходзе прымаюць удзел кіраўнікі дарожных, аўтатранспартных арганізацый і ДАІ. Камісія разглядае пытанні падрыхтоўкі да магчымых зімовых катаклізмаў, падводзіць вынікі зробленага і вызначае асноўныя накірункі работы на наступны год.
Раней падобныя пасяджэнні часта праводзіліся «на пазітыве». Кожны ўдзельнік трымаў станоўчую справаздачу, пацвярджаючы яе відавочнымі фактамі і аргументамі. Аднак на гэты раз, як зазначыў Сяргей Міхайлавіч, напрыканцы 2022 года даводзіцца канстатаваць, што не ўсё запланаванае ў снежні 2021-га рэалізавана.
— Складана вызначыць, наколькі нашы рашэнні спрыяюць бяспецы дарожнага руху, але жыццё і здароўе пружанцаў залежыць і ад нашых дзеянняў у тым ліку, — падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама. — І ад бяздзеяння, і ад нядбайнага выканання даручэнняў камісіі.
Першыя вынікі зімы
Снегапад на пачатку снежня прымусіў працаваць у аўральным рэжыме не толькі дарожныя, але і сумежныя арганізацыі. Відавочна, што камунальная служба пры наяўнай у яе колькасці тэхнікі і людзей доўга змагалася б з наступствамі зімовай стыхіі. Але павелічэннем парку машын і дадатковым наборам работнікаў, як паказаў канец месяца і пачатак 2023 года, праблему не вырашыць: снег растае — і тэхніка будзе прастойваць, а персанал зноў трэба будзе скарачаць. На думку намесніка старшыні, прамыя падыходы не заўсёды рацыянальныя. А вось наладжанае ўзаемадзеянне паміж камунальшчыкамі, дарожнікамі, выратавальнікамі, прадпрыемствамі раёна дало найлепшы вынік: адразу быў забяспечаны няспынны рух па асноўных дарогах, а з астатнімі сумётамі поўнасцю справіліся за некалькі дзён.

— Цяпер неабходна папоўніць запас пясчана-салянай сумесі і падрыхтаваць тэхніку да магчымых наступных катаклізмаў, бо надвор’е бягучай зімой, як бачна, мяняецца рэзка, — зазначыў Сяргей Гук.
Дарожныя арганізацыі і КУВП «Камунальнік» адрапартавалі, што назапашанага хопіць на 1,5-2 месяцы актыўнага выкарыстання. Калі зноў пройдзе стыхія, то ёсць некаторы рэзерв, які дазволіць аператыўна рэагаваць на сітуацыйныя змяненні.
Чаму не ўсё рэалізавана?
З такога пытання Сяргей Міхайлавіч пачаў аналіз вынікаў мінулага года. Намеснік старшыні райвыканкама адзначыў, што работы пачаліся, як толькі стала спрыяльным надвор’е. Гэта, напрыклад, заўважылі жыхары розных аграгарадкоў і райцэнтра, дзе каля навучальных устаноў былі добраўпарадкаваны пляцоўкі для школьных аўтобусаў. На некаторых вясковых вуліцах і ў райцэнтры пакладзены «ляжачыя паліцэйскія», устаноўлены дарожныя знакі для абмежавання хуткасці. Рэалізаваны прапановы грамадзян, у прыватнасці, на вул. Чырвонаармейскай каля стаматпаліклінікі з’явіўся аўтобусны прыпынак пры руху грамадскага транспарту з горада на бальніцу.
Між тым, засталіся і праблемныя месцы, на якія звярталася ўвага яшчэ летась. Напрыклад, напружанай працяглы час заставалася сітуацыя ў дварах шматпавярховак у раёне ПМС, дзе мясцовыя жыхары скардзіліся на незразумелую арганізацыю руху каля магазіна і дзіцячага садка. Усталяваныя тумбы павінны былі абмежаваць там рух, аднак вадзіцелі «наездзілі» новую дарогу міма перашкод.
Дырэктар КУВП «Камунальнік» Сяргей Бабрук паведаміў, што ў снежні праблема была вырашана і хочацца спадзявацца, што назаўсёды.
Яшчэ адзін такі ўчастак у канцы вул. Вінаградава, дзе аўтамабілісты «праклалі» дарогу на закругленні. Гэта тэрыторыя падкантрольная раённым уладам і калі адбудзецца тут надзвычайны выпадак, ён будзе без варыянтаў на іх сумленні. З улікам чаго камунальшчыкам была пастаўлена задача спыніць там рух. Даручэнне было выканана, але ўзараны ўчастак праз два дні зноў «затрамбавалі» машыны, і рух аднавіўся. На думку намесніка старшыні, такі падыход нельга назваць гаспадарскім, і Сяргей Міхайлавіч патрабаваў прыняць канкрэтныя меры. Такое ж даручэнне было накіравана і кіраўніцтву раённай бальніцы, уваход на тэрыторыю якой з вул. Вашкевіча быў небяспечны з пункту гледжання аварыйнасці. Пашырэнне аўтастаянкі і перанос «зебры» бліжэй да Лядовага палаца становішча не выправілі: кожны дзень тут ствараліся аварыйныя сітуацыі. Таму зараз праход з Вашкевіча перакрыты, кіраўніцтва медыцынскай установы ладзіць уваход з боку веладарожкі.
Мерапрыемствы на 2023-ы
За мінулы год на дарогах раёна адбылося 15 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх чатыры чалавекі загінулі і 13 — паранены. Шэраг аварый здарыўся на ўчастку ад Пружан да Аранчыц, асноўная прычына — няўважлівасць вадзіцеляў разам з перавышэннем хуткаснага рэжыму. Гэты адрэзак рэспубліканскай трасы па ініцыятыве Дзяржаўтаінспекцыі ў бягучым годзе будзе ўключаны ў праграму дыслакацыі дзяжурных патрулёў, з улікам чаго колькасць патрульных істотна павялічыцца. Хуткасць на шэрагу ўчасткаў будзе абмежавана максімальна дазволенымі 70 км у гадзіну.
Таксама Дзяржаўтаінспекцыі даручана ўзмацніць тлумачальную работу па выкарыстанні флікераў на адзенні ў цёмны час сутак: пераважная большасць пацярпелых у ДТЗ не мела святловяртальных элементаў.
Былі разгледжаны і звароты грамадзян. Напрыклад, на адрэзку вуліцы ў аг. Руднікі каля былога дзіцячага садка застаўся «ляжачы паліцэйскі», і аўтааматары прапануюць прыбраць перашкоду. Вось толькі супраць выказаліся інспектары ДАІ, бо вуліца там на вялікай даўжыні прамая, што дае магчымасць «ліхачам» добра разагнацца. А значыць, небяспека для пешаходаў узрасце.
Яшчэ адзін зварот паступіў ад таксаматорнай кампаніі, якая жадае замацаваць за сабой стаянку таксі каля аўтастанцыі. Аднак чаму толькі адзін перавозчык будзе распараджацца камунальнай уласнасцю? Горад для ўсіх канкурэнтаў дае роўныя магчымасці. Хаця не ўсе гэта разумеюць, бо нават да прыняцця рашэння на стаянцы па вул. Р.Шырмы была нанесена самавольная разметка і ўстаноўлены знакі, якіх няма ў Правілах дарожнага руху. У выніку стварылася сітуацыя, калі нават грамадскім аўтобусам замінаюць аўтамабілі таксі. Парушэнні павінны быць выкаранены ў сціслыя тэрміны. Увогуле супрацоўнікам ДАІ дадзена даручэнне павялічыць кантроль за перавозчыкамі, бо на працягу мінулага года было выяўлена дзевяць парушэнняў ПДР вадзіцелямі таксі.
Алег Сідарэнка. Ілюстрацыя Кацярыны Масік