Понедельник, 21 апреля 2025

«Раскажа ўсё радок майго натхнення…»

385

Вясна — час абуджэння прыроды, а для людзей —час эмацыянальнага ўздыму. Мы радуемся спевам птушак і першым кветкам, замілоўваемся цёплымі сонечнымі днямі, здавольваем смагу гаючым бярозавікам… А чым спатоліць душэўную смагу? Як выказаць імкненне адкрыць сваё сэрца веснавым пачуццям? Магчыма, з дапамогай вершаў?

У апошні тыдзень сакавіка пружанскія аматары паэзіі змаглі ўпэўніцца, што «Паэтычнае слова не ведае меж…» Менавіта пад такой назвай у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Міколы Засіма прайшла чарговая творчая сустрэча з Аленай Котавай. Нагадаем, што аўтар вершаў, якія неаднойчы публікаваліся на старонках «Раённых будняў», жыве і працуе ў Кобрыне, але мае пружанскія карані. У Пружанах паэтка нарадзілася, атрымала пуцёўку ў жыццё ў СШ № 5, якую скончыла з залатым медалём. А ў вёсцы Ліхасельцы бавіла канікулы ў бабулі і да гэтага часу крыху настальгуе па шчаслівым, бесклапотным дзяцінстве.

Кранальны фотаздымак бабулінай хаты і праілюстраваў вокладку новага зборніка вершаў Алены Котавай «Да бацькоў», які аўтар прэзентавала падчас сустрэчы. Гэта ўжо пятая паэтычная кніжка, выдадзеная нашай зямлячкай. А яшчэ яе вершы змешчаны ў такой жа колькасці калектыўных зборнікаў, шматлікіх падборках у перыядычных выданнях, у тым ліку, газеце «Літаратура і мастацтва», часопісах «Метамарфозы» і «Полымя». Дарэчы, піша Алена не толькі па-беларуску і па-руску, але і на англійскай мове, якую выкладае ў школе.

Удзельнікі сустрэчы, сярод якіх былі і навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа, не проста пачулі аповеды пра творчы шлях паэткі, але і паўдзельнічалі ў віктарыне, атрымалі тлумачэнні, што падштурхнула аўтара да напісання таго ці іншага твора. Але, зразумела, лепшым «тлумачэннем» натхнення сталі вершы з новага зборніка, які стаў своеасаблівым гімнам роднай Беларусі, малой радзіме і бацькам.

Годную ацэнку творчасці Алены Котавай даў і член Саюза пісьменнікаў Беларусі, былы галоўны рэдактар «Раённых будняў» Мікола Антаноўскі (на здымку). «Нарэшце нарадзіўся ў Пружанах сапраўдны паэт! Няхай сабе жыве ў Кобрыне, а ўсё роўна яна наша», — адзначыў Мікалай Дзмітрыевіч. І выказаў пажаданне ў наступны раз патрымаць у руках не сціплы зборнічак вершаў, а аб‘ёмную кніжку. Верыцца, што падставы для гэтага: адоранасць і працавітасць — у аўтара ёсць. І, зразумела, натхненне, крыніцы якога — у любові да жыцця, да сваёй сям‘і, працы і зямліцы.

Ірына Сядова. Фота аўтара