Калі агароднікі ўжо могуць прыступаць да першых работ, то садаводам, па вялікім рахунку, заняцца пакуль няма чым. Ну, акрамя вывучэння спецыяльнай літаратуры, канечне. Прапануем вам кароткі агляд самых папулярных гатункаў яблынь і груш, для якіх спрыяльныя менавіта нашы ўмовы, ад садавода са шматгадовым стажам Сяргея Лапукі.
Грушы
Калі ў вашым садзе пакуль яшчэ няма гэтага дрэва, тады пачніце з гатункаў, якія даўно зарэкамендавалі сябе. Сярод летніх вылучаюцца “забава”, “духмяная”, “вялікая летняя”.
З восеньскіх гатункаў — цудоўны па смаку і знешнім выглядзе “проста марыя”. Паказчык суадносін цукру да кіслаты вельмі высокі і роўны 81,5. Ён дазваляе забяспечыць садавіне цудоўныя смакавыя якасці нават пры неспрыяльных умовах надвор’я (напрыклад, у халоднае лета), а таксама пры далёка не ідэальнай агратэхніцы вырошчвання. На думку некаторых аўтарытэтных спецыялістаў, “проста марыя” з’яўляецца адным з лепшых гатункаў грушы не толькі ў айчыннай, але і ў замежнай селекцыі.
Даўно вядомыя гатункі, але толькі нядаўна раяніраваныя (так называюць гатункі, прыдатнасць якіх для вырошчвання ў канкрэтным рэгіёне была праверана спецыяльным органам) – “талгарская прыгажуня”, таксама вядомы пад назвай “алмаацінка”. Смачная груша і гатунку “мармуровая”.
З позніх гатункаў безумоўным фаварытам з’яўляецца “беларуская позняя”. Яе плады захоўваюцца як мінімум 5 месяцаў. Перыяд спажывання прыходзіцца на студзень-люты. Але нярэдка захоўваюць свежасць і пры гэтым не губляюць смаку ажно да сакавіка-красавіка.

Калі вас не здзівіць такімі папулярнымі гатункамі, то паспрабуйце вырасціць грушы “купала” ці “вілія”, якія былі ўнесены ў Дзяржрэестр толькі летась. Майце на ўвазе, што “вілія” — дрэва высакарослае, якое хутка расце, уступае ў плоданашэнне на 4-5-ы год пасля пасадкі ў садзе аднагадовымі саджанцамі на насенным прышчэпе. На клонавых прышчэпах уступае ў плоданашэнне праз 2-3 гады. “Купала” дае ўраджай у жніўні, само дрэва – сярэднярослае.
Яблыні
Акрамя ўсім вядомых антонаўкі і каштэлі, унесеных у рэестр яшчэ ў 50-х гадах мінулага стагоддзя, цяпер вырошчваецца мноства новых выдатных гатункаў.
Сярод іх выдзяляюцца гатункі летняга тэрміну паспявання – “алена”, “мара”, “каваленкаўскае”. Гатункі восеньскага тэрміну паспявання – “слава пераможцам”, “аўксіс”, “дарунак”.
Калі вы плануеце ласавацца яблыкамі не толькі летам, а жадаеце іх захоўваць зімой, то звярніце ўвагу на такія гатункі, як “алеся”, “імант”, “весяліна”, “шампіён”.
Некалькі гадоў назад быў раяніраваны гатунак “арнабэль” (або “хоні крысп”, што ў перакладзе азначае “мядовы хруст”). Гатунак хутка заваёўвае рынак, дзякуючы высокай ураджайнасці і надзвычай прыгожаму выгляду. Здымачная спеласць наступае ў канцы верасня, плады захоўваюцца да лютага, а ў халадзільніках з газавым асяроддзем — да ліпеня.

Зусім новыя гатункі, уключаныя ў Дзяржрэестр, – “красавіта”, “сакавіта”, “нававіта”, “зорка”. “Красавіта” — зіма-ўстойлівы, ураджайны, універсальнага прызначэння, адрозніваецца высокім выхадам (56%) соку прамога адціскання высокай якасці, прыдатны для вырабу нектараў як з мякаццю, так і без, стэрылізацыі і замарозкі пладоў, перацёртых з цукрам. Яшчэ больш высокі выхад соку ў “сакавіты” – 62%.
Адметнасцю “зоркі” з’яўляецца тое, што яна здольна вытрымаць паніжэнне тэмпературы да -35 ° С. Расліна таксама мае высокія паказчыкі засухаўстойлівасці. У перыяд засухі яблыня можа вытрымаць без паліву да 1,5 месяца.
Падрыхтавала Кацярына Пашкевіч.