На мінулым тыдні ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях прайшло прафарыентацыйнае мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел вучні выпускных класаў усіх гарадскіх і некаторых сельскіх школ нашага раёна.
Удзельнікаў падзеі было так шмат, што ў пачатку мерапрыемства прынялі рашэнне разбіць іх на тры групы. Кожнае звяно адправілася на сваю лакацыю, а затым паступова перамяшчалася на новую, такім чынам вучні наведалі ўсе запланаваныя месцы.
На адной з такіх лакацый паказвалі прафарыентацыйны ролік, у якім расказвалася пра паступленне ва ўніверсітэт грамадзянскай абароны МНС. Будучыя выпускнікі атрымалі дадатковую інфармацыю ад намесніка начальніка РАНС Дзмітрыя Казлова, які больш дэталёва расказаў аб тым, што неабходна для паступлення, якія льготы ёсць у маладых спецыялістаў, калі яны прыходзяць на службу, а таксама адказаў на пытанні вучняў.
Яшчэ адным месцам наведвання стаў музей, экскурсію па якім праводзіла старшы інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Іна Хаваўка. Тут наведвальнікі даведаліся пра гісторыю арганізацыі, пра самыя буйныя пажары, якія адбыліся на тэрыторыі Брэсцкай вобласці, убачылі рознага роду ўзнагароды, а таксама былі здзіўлены колькасцю і якасцю прадстаўленых экспанатаў.
Апроч усяго, удзельнікі падзеі маглі азнаёміцца з тэхнікай і абмундзіраваннем выратавальнікаў і нават у нейкай ступені адчуць сябе ў іх ролі, бо ўсім жадаючым была дадзена магчымасць прымерыць касцюмы змагароў з надзвычайнымі сітуацыямі і пасядзець у кабіне пажарнай машыны.
Напрыканцы ж мерапрыемства работнікі РАНС запрасілі будучых выпускнікоў на паказальнае выступленне, у якім выратавальнікі тушылі легкавы аўтамабіль. Варта адзначыць, што хоць сітуацыя з яго ўзгараннем і была зымітавана, але самі пажарныя дзейнічалі, як у рэальнай абстаноўцы: хутка, надзейна і якасна.
Рабятам жа было вельмі цікава назіраць за працэсам тушэння пажару, а само мерапрыемства, напэўна, падарыла ім станоўчыя эмоцыі. Магчыма, нехта менавіта з іх у хуткім часе папоўніць рады работнікаў нашага Пружанскага РАНС.
Руслан Басак
Фота аўтара
Фотаздымкі глядзіце ў альбомах: https://vk.com/album-23306785_305122428 і https://ok.ru/budni/album/985657824904