Зою Грыцук у населеных пунктах Хараўскога сельсавета ведаюць усе. Паўплывалі два дзясяткі гадоў працы паштальёнам, калі вяскоўцы з нецярпеннем чакалі яе ля веснічак з навінамі. А цяпер жыхары Вашчынічаў самі спяшаюцца да жанчыны. Праўда, ужо як да старасты вёскі, са сваімі навінамі і праблемамі.
— У нас з аднавяскоўцамі ўзаемная любоў і разуменне, — усміхаецца жанчына.

Сама яна родам з Калядзіч, але большую частку жыцця пражыла ў Вашчынічах. Доўгі час працавала паляводам у знакамітым «кудзінаўскім» калгасе «Рассвет», потым цялятніцай на мясцовым комплексе. Але асноўным яе месцам працы ажно да выхаду на заслужаны адпачынак было аддзяленне паштовай сувязі ў Калядзічах, дзе зарэкамендавала сябе адказным работнікам, пра што сведчаць шматлікія граматы і падзякі.
— Наша Зоя Аляксандраўна заўсёды вылучалася актыўнай жыццёвай пазіцыяй і імкненнем дапамагчы ўсім, хто мае патрэбу. Яна і сёння жыве людскімі клопатамі. Таму, калі паўстала пытанне пра выбар старасты, Таццяна Ільяшэвіч, якая тады была на пасту старшыні сельвыканкама, нават не сумнявалася ў яе кандыдатуры. Зоя Аляксандраўна стала і маёй «правай рукой», — сцвярджае цяперашні старшыня сельвыканкама Алёна Пстыга.
Суботнікі ў вёсцы, пасадка бульбы на сотках, догляд помнікаў, навядзенне парадку на тэрыторыях агульнага карыстання, абкошванне травы на вуліцы каля пустуючых сядзіб і многае іншае сёння кладзецца на плечы менавіта вясковай старасты.
— Ну, што вы! — сціпла кажа Зоя Аляксандраўна. — Усё робяць людзі, я толькі іх арганізоўваю. А людзі ў нас, трэба сказаць, вельмі добрыя, адказныя і безадмоўныя! Вось, у прыватнасці, сабралі грошы на агароджу могілак, разумеючы, што догляд месцаў пахавання сваякоў — святы абавязак. Дапамагаюць даглядаць і помнік воінам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Ды і сын мой жыве побач, своечасова абкошвае тэрыторыю вакол помніка і чысціць плітку. Усё робім разам, паважаючы адзін аднаго. Дзякую аднавяскоўцам і жадаю ўсім здароўя і невычэрпнай энергіі — наперадзе ў нас шмат спраў!
Алена Зялевіч, фота аўтара
