Напярэдадні Дня медыцынскага работніка мы сустрэліся з галоўным урачом Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы Юрыем Юзько.

— Юрый Віктаравіч, традыцыйна ў прафесійныя святы кіраўнікі падводзяць своеасаблівую рысу мінуламу перыяду, расказваюць пра поспехі. Вы ўзначалілі Пружанскую ЦРБ не так даўно, напярэдадні новага 2023 года, і адразу аказаліся, што называецца, на перадавой: пружанскую медыцыну чакалі значныя змены. Пра якія зрухі да лепшага ў сістэме аховы здароўя раёна можна казаць на сённяшні дзень?
— Мы пачалі два маштабныя праекты, якія патрабуюць сур’ёзных укладанняў. Хочацца зрабіць якасна і на доўгую перспектыву, таму сёлета іх не завершым.
На дадзены момант ідзе праектаванне прыбудовы да прыёмнага пакоя, дзе размесціцца і кабінет камп’ютарнай тамаграфіі. Само прыёмнае аддзяленне будзе працаваць з раздзяленнем патокаў, тут з’явіцца інфекцыйны бокс. Словам, усё будзе адпавядаць сучасным патрабаванням.
Паралельна распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на мадэрнізацыю былога будынка цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Тут жа з’явіцца прыбудова, куды пераедуць дзіцячая і жаночая кансультацыі паліклінікі.
Па ініцыятыве старшыні райвыканкама Міхаіла Міхайлавіча Грышкевіча разглядаем магчымасць рамонту асноўнага корпуса паліклінікі. Хочацца прыйсці да годнага архітэктурнага рашэння, якое будзе гарманіраваць з усімі астатнімі будынкамі.
Разам з тым, больш дробныя рэканструкцыі, касметычныя рамонты ідуць пастаянна. Вясной наводзілі лоск на інфекцыйным корпусе: тынкавалі, фарбавалі, прыводзілі памяшканні ў прыдатны стан.
Цяпер па даручэнні Кіраўніка дзяржавы будуць выдзяляцца грашовыя сродкі на аднаўленне вясковых ФАПаў — працягнем рамонты на тэрыторыях, прылеглых да ўстаноў аховы здароўя.
— А што тычыцца абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы?
— Мы атрымалі новы каланаскоп, які падыходзіць да нашай эндаскапічнай стойкі. Адпаведна ў штаце з’явіўся ўрач-эндаскапіст: літаральна ўчора з курсаў прафесійнай перападрыхтоўкі прыехаў доктар, які атрымаў адпаведную спецыялізацыю.
Працуе мамограф. Цяпер жыхаркам Пружанскага раёна на месцы даступна рэнтгеналагічнае даследаванне малочных залоз.
Чакаем перасовачны медыцынскі комплекс. Па планах абсталяванне павінна з’явіцца ў бальніцы ў першым паўгоддзі, так што, спадзяюся, у бліжэйшыя дні атрымаем больш падрабязную інфармацыю. Але ўжо сёння прапрацоўваем маршруты, па якіх накіруецца гэтая тэхніка.
— Ведаю, што напачатку чэрвеня Вы прымалі ўдзел у семінары па стварэнні даступнага асяроддзя для інвалідаў, аслабленых людзей. Ці аказаўся ён для Вас карысным і як наладжана работа ў гэтым накірунку?
— Канечне, любыя веды нясуць за сабой толькі развіццё. Мы атрымалі шмат рэкамендацый. Але варта адзначыць, што работа па стварэнні даступнага асяроддзя праводзіцца ўвесь час. Ва ўстанове аховы здароўя на лесвіцах ёсць поручні, тактыльная плітка, індыкатары на падлозе. Вядома, ёсць шэраг пытанняў, якія адразу не выправіш. Таму стварэнне безбар’ернага асяроддзя ўважліва плануецца, распісваецца на перспектыву.
Пэўная частка нашых пацыентаў, ды і самі медыкі, хацелі бы мець ліфт у паліклініцы, але ўстанавіць яго пакуль немагчыма. Для таго каб стварыць пэўныя зручнасці, калі дзіцячая і жаночая кансультацыі пераедуць у новы будынак, мы зоймемся перапланаваннем кабінетаў. Напрыклад, будзе зручна ўвесь хірургічны блок паліклінікі перанесці на першы паверх. Але пакуль усё ж гаварыць пра гэта рана.
— Юрый Віктаравіч, а як сёння ідуць справы з замацаваннем кадраў?
— Насамрэч, тэма няпростая. Хтосьці з’язджае ў сілу аб’ектыўных прычын, па сямейных абставінах, некага кліча яго малая радзіма, а яшчэ ў моладзі ёсць амбіцыі, жаданне «заваяваць» вялікі горад.
За пяць год працы ў раёне маладыя медыкі набіраюцца каласальнага вопыту, становяцца паўнавартаснымі спецыялістамі. Таму, як кажуць, у медаля два бакі. З аднаго, вядома, шкада губляць кадры, але з іншага — гэта рашэнне дарослага чалавека, якое неабходна паважаць.
Нядаўна ўдалося ўвасобіць у жыццё адну вельмі добрую задуму. Справа ў тым, што на малую радзіму вярнуўся ўрач-рэнтгенолаг, а сумяшчальнік, які прыязджае да нас, плануе пераехаць у Пружаны ў жніўні. Таму мы пачалі рабіць ультрагукавое даследаванне і па суботах, каб хоць крыху разгрузіць чаргу. Прымаем прыкладна да 30 пацыентаў — і гэта вельмі добры вынік.
— Прафсаюзная арганізацыя медыкаў — адна з самых актыўных у раёне. Удзельнічаюць члены калектыву і ў грамадскім жыцці…
— З апошніх падзей культурна-асветніцкага плана — паездка ў канцы мая ў Хатынь і на «Лінію Сталіна», наведванне такіх важных для нашай гісторыі месцаў. Прафсаюз арганізуе і святочнае мерапрыемства з нагоды Дня медработніка. Мне падабаецца, што ў нас працуюць такія заўзятыя, актыўныя людзі. Падтрымліваю ўсе падобныя пачынанні.
— Юрый Віктаравіч, а Вы самі адносіце сябе да заўзятых людзей? Наогул, у які момант Вы зразумелі, што хацелі б звязаць жыццё з медыцынай?
— Самае цікавае, што ўсё атрымалася выпадкова! Я марыў стаць ваенным або міліцыянерам, але не прайшоў медкамісію ў Сувораўскае вучылішча. Туды быў жорсткі адбор па здароўі, і мяне не ўзялі з-за… паламанага носа! Відаць, так трэба было. Паступіў у медвучылішча, пасля яго ў Гродзенскі медінстытут, яшчэ дакладна не ўяўляючы сваёй будучыні. Але калі мы пачалі вывучаць хірургічную справу, тады літаральна ўлюбіўся ў прафесію.
Так што заўзятым назваць мяне можна. Ды шмат медыкаў сапраўды такія — у здаровым сэнсе апантаныя прафесіяй. Напрыклад, мой першы кіраўнік у Кобрыне збіраўся сыходзіць на пенсію, але ў гэты час у бальніцу прывезлі лапараскапічную стойку. Хапіла аднаго знаёмства з новым апаратам, каб у стомленага працай немаладога ўжо чалавека зноў засвяціліся вочы. Пасля таго выпадку ён яшчэ гадоў дзесяць працаваў.
— Што Вы пажадаеце калектыву з нагоды прафесійнага свята?
— Медыцына — самая дакладная навука, а ўрач — прафесія, якой трэба вучыцца ўсё жыццё. Таму жадаю вам, паважаныя калегі, не губляць прагі да ведаў, якая дазваляе вывучаць новае і незвычайнае, поспехаў у бясконцым удасканаленні сваіх навыкаў.
Мы працуем для людзей. Бывае, часам сутыкаемся з непрыемнасцямі і цяжкасцямі. Але я ведаю, што кожны з вас шчыра перажывае за сваіх пацыентаў, жадае ім выключна дабра. Беражыце сябе і свае сем’і, будзьце здаровы і працуйце на шчасце сваіх суайчыннікаў, на дабрабыт нашай Радзімы!
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік