Суббота, 23 сентября 2023

«Районкин брейн-ринг» состоялся! Читайте, как это было

1 249

Пагадзіцеся, што апошнім часам інтэлектуальныя гульні набываюць усё большую папулярнасць. Прыемна, што людзі не проста глядзяць іх па тэлевізары, а ідуць і ўдзельнічаюць самі. Тры гады таму ў наш горад прыйшлі “Гульні розуму”, якія вельмі падабаюцца пружанцам. “А чаму б не займець уласную інтэлектуальную гульню?” – вырашыла наша рэдакцыя і прыдумала “Раёнкін брэйн-рынг”.


Яшчэ ў студзені “Раённыя будні” расказалі чытачам на старонках газеты, а таксама праз суполкі ў сацыяльных сетках пра магчымасць «паварушыць мазгамі». І вось у мінулую пятніцу ў гасціным двары “Праванс” сабраліся тыя, хто на гэты кліч адгукнуўся: дзевяць каманд. Пагуляць у адной з іх – “Дзеці Цьюрынга” – пашчасціла і мне, практыканту газеты.


Адзначу адразу: было складана, але цікава. У школьныя гады даводзілася прымаць удзел у турнірах “Што? Дзе? Калі?”, але “Раёнкін брэйн-рынг” – зусім іншае. І калі вы не былі ў гэты вечар з намі, то страцілі вельмі многа.


Па-першае, тут можна было пазнаёміцца з калектывам рэдакцыі. Як праз пытанні, так і напрамую. Па-другое, даведацца пра тэматыку газеты. Зрэшты, назвы тураў пераклікаліся з газетнымі рубрыкамі: “Інтэрнэт-кур’ёзы”, “Гараскоп”, «Дамавік», «Гісторыя з фатаграфіяй» і іншымі. Асаблівую цікавасць выклікалі пытанні ад супрацоўнікаў газеты і тур “Матрыца “РБ”, правільныя адказы ў якім павінны былі ўтрымліваць абрэвіятуру выдання.


Па-трэцяе, падчас гульні кожны з гасцей меў магчымасць падпісацца на газету. А “ўваходнымі білетамі” якраз і служылі квіткі аб падпісцы.
Куды без эмоцый? На “Раёнкіным брэйн-рынгу” можна было зарадзіцца імі па поўнай. А таксама пазнаёміцца з цікавымі і разумнымі людзьмі. Эмоцыі – гэта, безумоўна, радасць ад правільных адказаў, жарты ў камандзе і… невялікія тэхнічныя непаладкі, на жаль, не абышлося без іх.

А вось цікавыя людзі – члены каманд. Так у маёй гуляў Андрэй Смоляр, які напрыканцы турніру разам са сваімі паплечнікамі «U.D.I» падрыхтаваў сапраўдны сюрпрыз для ўсіх гасцей – фаер-шоу, своеасаблівай дэкарацыяй для якога стаў вячэрні гарадскі парк.


Перамогу ў гэты вечар святкавала каманда «Нулявое супраціўленне». Яшчэ на першы перапынак яны пайшлі лідарамі і больш першы радок турнірнай табліцы не саступалі. Дарэчы, каманда лепш за іншых адказала на складанае пытанне пра пано над ЗАГСам і сыграла туры пра першакрасавіцкія розыгрышы, «Гараскоп» і «РБ».

Каманда «Міля», нягледзячы на тое, што адзіная дала адказ на складанае пытанне фінальнага тура, спынілася на другім месцы. Тым не менш, на рахунку каманды самыя рэдкія адказы. Толькі «Міля» назвала імя ката Сцяпана і ўспомніла фальклорнага героя Жэўжыка.


На трэцім месцы размясціліся госці з Бярозы — каманда «Двух мыслена». І гэта выдатны вынік, бо многія пытанні былі прысвечаны менавіта Пружаншчыне і, зразумела, самой газеце. Цікава, што госці адказалі на ўсе пытанні першага тура, які быў сабраны з інтэрнэт-кур’ёзаў, якія друкаваліся ў «раёнцы» сёлета.

Вялікі дзякуй усім, хто паўдзельнічаў у нашым брэйн-рынгу. Спа-дзяёмся, што вы даведаліся шмат карыснага і цікавага пра свой горад, нашу газету і проста добра правялі час. Дзякуй усім, хто быў і застаецца з намі. Да сустрэчы на новых, не менш цікавых мерапрыемствах, ідэі для якіх можаце падказаць вы, дарагія чытачы.
Чакаем прапаноў!

Больш падрабязная справаздача і фотаздымкі — у суполцы турніра https://vk.com/event190863517.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).