Понедельник, 21 апреля 2025

Райкам прафсаюза работнікаў АПК ушанаваў працаўнікоў Пружаншчыны

452

Поўным ходам ідзе нарыхтоўка травяных кармоў у сельгаставарыствах нашай рэспублікі. Людзі стараюцца працаваць самааддана, нягледзячы на стому і непрадказальныя праявы надвор’я. І традыцыйна ў гэтыя дні прафсаюзы АПК усёй краіны стараюцца падтрымаць сельскіх працаўнікоў, адзначаючы тых, хто выкладаецца максімальна. Вось і на Пружаншчыне на бягучым тыдні ўшаноўвалі самых працавітых работнікаў.

Падзячныя лісты ад упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама і абласной прафарганізацыі АПК уручае трактарыстам-машыністам ААТ «Агра-Калядзічы» Віктару Чэрніку і Сяргею Харытановічу старшыня Пружанскай раённай прафарганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Вольга Зубкова.

Разам са старшынёй раённай прафарганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Вольгай Зубковай карэспандэнты «раёнкі» завіталі спачатку ў ААТ «Жураўлінае». Першым словы падзякі за сумленную працу і Падзячны ліст ад упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама і раённай прафсаюзнай арганізацыі АПК прымаў трактарыст-машыніст Сяргей Сахарук, які кормаўборачным камбайнам «Jaguar 870» здрабніў 19 802 тоны кармоў. Акрамя Вольгі Васільеўны, дзякавалі механізатару за адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў дырэктар сельгаставарыства Аляксандр Пішч і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Зінаіда Усік.

Наступным прымаў віншаванні і Падзячны ліст ад раённай улады трактарыст-машыніст Дзмітрый Кобак, які перавёз 2 944 тоны кармоў. Жадалі работніку не збаўляць тэмпаў і ў будучым па паказчыках выйсці на вобласць, а магчыма, і рэспубліку. Падобная ўзнагарода, толькі ўжо абласнога маштабу, чакала і трактарыста-машыніста Аляксандра Сахарука. Ён на трактары «Джон Дзір» з 9-метровай касілкай скасіў травы на 1 639 га. Як адзначаюць у гаспадарцы, Аляксандр Сцяпанавіч – адзін з лепшых механізатараў у сельгаставарыстве, які вельмі беражліва адносіцца да тэхнікі, таму і служыць яна практычна бездакорна.

Трактарыст-машыніст ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Сахарук.

Наступным пунктам віншавальнага картэжу было ААТ «Агра-Калядзічы». Падзячныя лісты ад камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама і абласной прафарганізацыі АПК Вольга Зубкова ўручыла трактарыстам-машыністам Віктару Чэрніку і Сяргею Харытановічу. Першы на касьбе траў паказаў вынік у 1 258 га, а другі перавёз 2 628 тон кармоў. Вольга Васільеўна падзякавала работнікам за важкі ўнёсак у жывёлагадоўлю гаспадаркі і краіны ў цэлым. Старшыня пярвічнай прафарганізацыі ААТ «Агра-Калядзічы» Сяргей Усік дадаў, што кіраўніцтва сельгаставарыства ўскладае вялікія надзеі на такіх адказных працаўнікоў, бо менавіта яны задаюць тэмп у рабоце. Паціснулі руку і ўручылі ўзнагароду раённага ўзроўню і вадзіцелю Аляксею Лаптановічу, які аўтамабілем МАЗ перавёз 4 571 тону кармоў.

Падзяку атрымлівае вадзіцель ААТ «Ружаны-Агра» Аляксандр Каляда.

На палеткі ААТ «Ружаны-Агра» завіталі разам з намеснікам дырэктара па раслінаводстве Русланам Атулянам і старшынёй пярвічнай прафарганізацыі сельгаставарыства Таццянай Аўдзейчык. Ад вобласці Падзячны ліст быў уручаны вадзіцелю Аляксандру Калядзе (перавёз
5 095 тон кармоў), ад раёна – трактарысту-машыністу Аляксандру Квачанюку (здрабніў кормаўборачным камбайнам «Krone» 17 328 тон кармоў). Ад душы віншуем усіх з узнагародамі!

Што ж, не перавяліся яшчэ ў Беларусі людзі працы. Няхай жа шчасціць ім па жыцці. Здароўя, актыўнага даўгалецця, удачы ва ўсіх добрых справах, спакою вам і вашым сем’ям, працаўнікі!

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік