Четверг, 17 апреля 2025

Райкам прафсаюза работнікаў АПК падзякаваў земляробам, задзейнічаным на Пружаншчыне ў вясенне-палявых работах

438

У сельскай гаспадарцы няма выпадковых людзей, бо работа на зямлі — больш чым прафесія. Гэта цэлае жыццё, са сваім укладам і патрабаваннямі. Поспеху тут можа дамагчыся толькі той, хто шчыра любіць сваю справу і адданы ёй душой. Вось такімі людзьмі і ганарыцца сельскагаспадарчая галіна Пружаншчыны. Словы адрасаваны старшынёй Пружанскай раённай прафарганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Вольгай Зубковай земляробам, якія задзейнічаны ў вясенне-палявых работах 2024 года.

І сапраўды, грэх было б пакінуць без увагі працу гэтых людзей. Зарплата — гэта добра, але часам цёплае слова і шчырая ўсмешка для душы даюць намнога больш, надаюць жадання працаваць яшчэ з большым імпэтам.

Таму на гэтым тыдні Вольга Васільеўна і адправілася ў рэйд па гаспадарках, каб павітаць механізатараў, падзякаваць за сумленную работу падчас пасяўной кампаніі.

А хто гэта каля вёскі Вінец на трактары «Джон Дзір» шчыруе на сяўбе? Будзем знаёмы: трактарыст-машыніст з ААТ «Ліноўскае» Аляксандр Дзямчук. Механізатар адказны, якому пад сілу выкананне любой пастаўленай кіраўніцтвам гаспадаркі задачы. Аляксандр Васільевіч разумее ўсю важнасць работы на зямлі, таму ніякіх хібаў не дапускае, выкладваецца поўнасцю, паслаблення сабе не дае.

Калі хочаце даведацца, што ёсць на самай справе праца на зямлі, звяртайцеся да механізатара з ААТ «Пружанскае» Івана Чарвяка. Іван Анатольевіч не па чутках ведае, што значыць працаваць з раніцы да вечара на зямлі, удыхаць яе непаўторны пах і ад гэтага набірацца сіл для новых працоўных дасягненняў. Ён сялянскаю працаю жыве, таму сяўба для яго — заўсёды важны этап у жыцці.

Ну, як ты будзеш адпачываць на лавачцы, ды яшчэ вясной, нават калі ўжо на пенсіі?! Для Міхаіла Траццяка, які аддаў сельскай гаспадарцы 46 гадоў, гэта было б проста недаравальна! Міхаіл Васільевіч і жыцця не ўяўляе без працы на зямлі. Яна ж для яго родная, самая дарагая і мілая. За столькі гадоў механізатар зжыўся душой з палеткамі раёна. Вось чаму ўжо другі год кіраўніцтва ААТ «Шані-аграпрадукт» прыцягвае Міхаіла Траццяка да пасяўной кампаніі.

А каб захавалася памяць аб прыемным моманце ў жыцці, Вольга Зубкова адарыла кожнага падарункамі: інструмент сапраўдным мужчынам заўсёды спатрэбіцца. Дзякуй вам, дарагія мужчыны, за штодзённую цяжкую работу! Няхай кінутае вамі насенне дасць шчодры ўраджай, а спрыяльнае надвор’е і дакладная арганізацыя працы садзейнічаюць далейшым поспехам, радасці ад кожнага працоўнага дня.

У кожнай, без выключэння, гаспадарцы раёна ёсць людзі, якія сваёй працай заслужылі павагі. Таму Вольга Васільеўна не абдзяліла ўвагай і ўручыла яшчэ падарункі Мікалаю Папко з ААТ «Роўбіцкае», Анатолю Карпызе з ААТ «Агра-Калядзічы», Васілю Гавейну з ААТ «Радзіма», Аляксандру Сахаруку, Віталю Сахаруку і Аляксандру Харуту з ААТ «Жураўлінае». Былі таксама ўшанаваны Аляксандр Власко, Сяргей Несцяровіч і Мікалай Грыцук (ААТ «Ружаны-Агра»), Яўген Улезла (ААТ «Мурава»). Прымалі словы падзякі і Віталь Шчарбак з філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі», і Аляксандр Міхальчук з ААТ «Велікасельскае Агра». Сіл вам фізічных і духоўных, цярпення ў складаных сітуацыях, бязвоблачнага надвор’я ў сям’і і на працы, дарагія механізатары!

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік