Урачамі становяцца па прызванні. Аднак наколькі ўяўленні аб медыцынскай дзейнасці супадаюць з рэчаіснасцю на практыцы? І ў чым жа заключаецца найбольшая радасць урача? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да вядомых у раёне медыцынскіх работнікаў. Вось іх меркаванні.
Іван Мікалаевіч Пачынчык, урач-хірург:
— Колькі сябе памятаю, заўсёды марыў аперыраваць людзей. Мая мара ажыццявілася, калі ў 1972 годзе скончыў медінстытут. Аднак, нягледзячы на тое, што з прыездам у 1986 годзе ў Пружаны працяглы час узначальваў раённую бальніцу і займаўся адміністрацыйнай работай, са сваёй марай не развітаўся. У хірургіі не бывае стандартных сітуацый і межаў удасканалення таксама няма… Таму ўвесь час неабходна працаваць над сабой, шмат чытаць, вучыцца і вучыць. З часам і практыкай прыходзіць упэўненасць у сабе, а значыць, і задавальненне ад таго, што ўдалося дапамагчы пацыенту. І так на працягу многіх гадоў хірургічнай дзейнасці.
Ганна Анатольеўна Севасцьянчук, акушэр-гінеколаг:
— Працаваць менавіта ў гінекалогію я прыйшла не выпадкова. Дагэтуль мела выпыт працы ў гінекалагічным аддзяленні як медсястра. Урачом працую тут з 2009 года. І кожны раз адчуваю неверагодную радасць, калі прымаю на свет новае жыццё, калі нараджаецца здаровае дзіця і добра адчувае сябе пасля родаў мама. У акушэрстве заўсёды ўсё як у першы раз… Таму і прывыкнуць да гэтага нельга, і стаць раўна душным да работы таксама немагчыма.
Аляксандр Вячэслававіч Чыль, загадчык аддзялення ўльтрагукавога даследавання:
— У медыцыну прыйшоў мэтанакіравана. Памятаю, працэс лячэння людзей мяне цікавіў яшчэ школьнікам. Атрымаўшы дыплом урача, працаваў у бальніцах Гомеля і Брэста. Сёлета спаўняецца роўна 20 гадоў, як да выканання сваіх урачэбных абавязкаў я прыступіў у Пружанскай ЦРБ. І паверце: радасць ад работы адчуваю кожны дзень, таму і прыходжу з задавальненнем у бальніцу. Цяпер у нашым райцэнтры робяць такія ж ультрагукавыя даследаванні, як і ў вобласці. Таму заўсёды прыемна дапамагчы паставіць правільны дыягназ. Я знайшоў сябе ў прафесіі ўрача.
Іна Валер’еўна Кананчук, загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення бальніцы:
— Можна сказаць, што я толькі пачынаю сваю ўрачэбную дзейнасць: у жніўні будзе год, як прыступіла да работы ў якасці загадчыцы. Вядома ж, на практыцы без тэарэтычнай базы, якую дае ўніверсітэт, ніяк. Але і без вопытных калег таксама. У складаных сітуацыях першымі маімі дарадчыкамі былі і застаюцца Галіна Мікалаеўна Сямашка, Таццяна Аляксандраўна Бут, Віктар Міхайлавіч Дараневіч. Часта, дзякуючы такой сумеснай рабоце, мы і радуемся разам, калі пацыенты папраўляюцца і дзякуюць нам за гэта.
Міхаіл Васільевіч Занькавец, намеснік галоўнага ўрача:
— Па спецыяльнасці я ўрач-тэрапеўт эндаскапічнай дыягностыкі. У медыцыне 36 гадоў. І, магчыма, найперш павінен гаварыць аб дапамозе хворым вяртаць здароўе, пра што мы ўсе марылі, калі вучыліся ў медыцынскіх інстытутах, і што, па сутнасці, робім дагэтуль. Аднак я скажу яшчэ і пра той нябачны “папяровы” пласт работы, з якім сутыкаецца ўрач на практыцы. І калі я разумею, што ад майго ўмяшальніцтва як прадстаўніка адміністрацыі людзі пачынаюць працаваць лепш, таксама адчуваю задаволенасць. Можна мець шмат добрых выканаўцаў, але калі няма добрага арганізатара, справа можа і не зрушыцца з месца.