Среда, 17 декабря 2025

Работу начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандра Момліка адзначылі на абласной калегіі

434

У рабоце пашыранай калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, якая праходзіла 3 сакавіка, прынялі ўдзел намеснікі старшынь райвыканкамаў, начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкамаў, кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі вобласці.

На гэтым прадстаўнічым мерапрыемстве прайшло абмеркаванне, як адказваць на новыя выклікі часу, ствараць якасны кантэнт у электронных і друкаваных СМІ.

Напачатку работы калегіі кіраўнік выдавецтва «Беларусь» Ганна Трусевіч прадставіла новае выданне пад агульнай рэдакцыяй Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэя Шведа «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці». Дарэчы, гэтае выданне можна было адразу набыць. У ім прадстаўлены новыя і раней невядомыя шырокай грамадскасці звесткі пра лагеры смерці на тэрыторыі БССР у перыяд нацысцкай акупацыі. Уключаны матэрыялы крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд, а таксама інфармацыя з работ айчынных і замежных вучоных. Кніга вельмі цікавая і змястоўная, і прачытаць яе варта ўсім.

У рабоце калегіі прынялі удзел намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук, начальнік галоўнага ўпраўлення інфармацыйнай палітыкі і грамадскага развіцця Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Таццяна Шэндзік, начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Надзея Бельская.

Быў заслуханы даклад начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Таццяны Гагакавай. Пра сваю работу расказалі прадстаўнікі ідэалагічнай вертыкалі і па рабоце з моладдзю вобласці.

Адбылося і ўзнагароджанне. За прафесіяналізм і асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі на тэрыторыі Пружанскага раёна Ганаровую грамату галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама ўручылі начальніку аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандру Момліку.

Затым работа калегіі ішла па секцыях. Работу секцыі сродкаў масавай інфармацыі ўзначальваў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Дзяніс Сілівонік.

Віктар Ільюшчанка