За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў спіс задач, за якія адказвае Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, істотна павялічыўся. Таму сёння работнікаў гэтай структуры часцей называюць не пажарнымі, а выратавальнікамі.
Іх дапамога патрэбна падчас дарожна-транспартных здарэнняў, пры няшчасных выпадках на вадаёмах, у пошуку згубленых у лесе… Безумоўна, што ліквідацыі вогненных здарэнняў па-ранейшаму надаецца першачарговая ўвага. А ў дадатак вядзецца сур’ёзная работа па прафілактыцы надзвычайных сітуацый. З гэтай нагоды літаральна штомесяц работнікі МНС ладзяць розныя акцыі і мерапрыемствы, падчас якіх вучаць, тлумачаць, папярэджваюць.

Якраз напярэдадні свайго прафесійнага свята групы працавалі на тэрыторыях Шаняўскога і Хараўскога сельсаветаў. Увага выратавальнікаў надавалася літаральна ўсім накірункам працоўнага і паўсядзённага жыцця. Напрыклад, асаблівы кантроль — за ўборачнай кампаніяй, каб апошняя прайшла без трагічных выпадкаў. З мэтай прафілактыкі работнікі райаддзела праводзілі тлумачальныя гутаркі з механізатарамі. У прыватнасці, намеснік начальніка РАНС Андрэй Пісьман сустрэўся з работнікамі ААТ «Агра-Калядзічы». Выратавальнік расказаў пра неабходнасць папярэджання небяспечных момантаў на жніве, абавязковы кантроль стану тэхнікі. На прыкладах Андрэй Сяргеевіч паказаў, як патрэбна абсталяваць трактары і камбайны, каб гарантаваць пажарную бяспеку.

Паралельна праводзілася абследаванне жылога сектара. Падчас наведвання домаўладанняў звярталася ўвага на стан печак, памяшканняў і абсталявання кацельняў. Таксама правяралі спраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў (АПА). Як зазначыў намеснік начальніка, у дамах, дзе гаспадары сочаць за станам гэтых прыбораў, працэнт здарэнняў мізэрны. У любым выпадку наступствы ўзгаранняў менш адчувальныя, не гаворачы пра гібель людзей. У пацвярджэнне Андрэй Пісьман прывёў статыстыку бягучага года: на тэрыторыі раёна здарылася некалькі дзясяткаў пажараў, шэсць чалавек загінула. І ні ў адным згарэлым доме не было АПА.

Падобныя рэйдавыя мерапрыемствы працягваюцца, у планах паступова праверыць домаўладанні ў іншых сельсаветах.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
