Четверг, 5 декабря 2024

Работнікі Пружанскага РАНС, пракуратуры і журналісты «раёнкі» адправіліся ў супрацьпажарны рэйд у Куплін

566

Па даручэнні Генеральнай пракуратуры актывізавана работа па забеспячэнні пажарнай бяспекі. На падставе аналізу аператыўнай абстаноўкі, якая звязана з пажарамі і гібеллю людзей у вогненных здарэннях па краіне, па ініцыятыве вышэйшай пракурорскай інстанцыі прыняты безадкладныя меры адносна каардынацыі работы ўсіх суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў па дадзеным накірунку. Гэта тычыцца і нашага раёна, на тэрыторыі якога ў мінулым годзе ў пажарах загінула 9 чалавек.

З прафілактычным візітам работнікі РАНС прыбылі па чарговым адрасе.

Пры аналізе ўсіх трагічных выпадкаў відавочны «чалавечы фактар». Ні адно здарэнне не адбылося па прычыне непераадольных абставін, а ўзнікалі ўзгаранні з-за грубых парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі. Менавіта курэнне ў ложку ў нецвярозым стане забрала больш за ўсё жыццяў. З мэтай папярэджання сумнай статыстыкі ў бягучым годзе супрацоўнікі раённай пракуратуры сумесна з работнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях праводзяць прафілактычныя рэйды па населеных пунктах Пружаншчыны. У адну з такіх паездак трапіла і наша карэспандэнцкая група.

Разам са старшым памочнікам пракурора Веранікай Манец і намеснікам начальніка РАНС Мікалаем Комарам мы наведалі вёску Куплін. Тут, як і ў любым іншым населеным пункце, ёсць відавочныя кантрасты. Адразу бачна, дзе жывуць руплівыя гаспадары, а дзе абібокі. Сядзібы апошніх часта ў зарасніках хмызняку, іншы раз нават без агароджы. Яшчэ менш парадку ўнутры дома…

Удзельнікі рэйдавага абследавання звярталі ўвагу на небяспечны стан печак, комінаў на гарышчы, на бляшанкі, запоўненыя акуркамі. Зразумела, што і электраправодка ў такіх дамах гадоў з 20 таму стала небяспечнай. А разам з ёй небяспеку выклікае стан разетак і выключальнікаў. Аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі тут павінны быць абавязкова, хаця наўрад ці гаспадары знойдуць грошы на набыццё гэтых карысных устройстваў: пастаяннага месца працы няма, выпадковыя заробкі адразу накіроўваюцца на набыццё алкаголю.

Удзельнікі рэйда абследуюць стан печкі ў адным з вясковых дамоў.

— Падобны лад жыцця і асацыяльныя паводзіны грамадзян — прамая рызыка вогненных здарэнняў, — каменціруе старшы памочнік пракурора Вераніка Манец. — Менавіта па гэтых прычынах адбылася летась пераважная большасць трагедый са смяротным зыходам. Да такіх праяў праваахоўнікі ставяцца адмоўна, але ж ці змогуць пажарныя, міліцыянеры або пракуратура выправіць сітуацыю пры поўным раўнадушшы самога чалавека? Відавочна, што трэба шукаць дадатковыя метады ўздзеяння на гэту катэгорыю грамадзян.

Пад кантролем дбайнага гаспадара павінен быць і комін на гарышчы.

Хтосьці скажа, што сярод прычын, якія вядуць людзей да такога ладу жыцця, — беспрацоўе, праблемы са здароўем, жыццёвыя нелады. Аднак на самай справе праблема толькі ў ляноце. Літаральна праз некалькі дамоў ад гэтай «гарачай кропкі» — дагледжаная сядзіба. Акуратны двор, па якім бегае нямала хатняй жыўнасці. Роўныя дарожкі, парадак у агародзе. А жыве тут 80-гадовая бабуля, якой хапае і здароўя, і часу сачыць за гаспадаркай. Дома ў жанчыны таксама парадак: акуратная печка, адрамантаваныя коміны на гарышчы. Безумоўна, што ў такім узросце састарэлая гаспадыня не справіцца самастойна з усімі праблемамі. Але ж маці вырасціла годных сыноў, якія не пакідаюцьь яе у адзіноце. Атрымліваецца, што пры жаданні можна жыць дастойна. Пакідаючы пасля сябе добрую памяць, а не абгарэлыя сцены.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік