Што адрознівае дзіця ад дарослага чалавека? Неўсвядомленае чаканне казкі, вера ў цуды, упэўненасць у добразычлівасці свету. Але ёсць нямала дарослых людзей, якія пранеслі праз жыццёвыя выпрабаванні любоў і дабро і жадаюць падарыць гэтыя пачуцці іншым.
Завяршылася акцыя «Дары дабро — стань Дзедам Марозам». Нагадаем, што ініцыятарам дабрачыннай акцыі па традыцыі выступіла Пружанскае райспажыўтаварыства, а старт мерапрыемству даў старшыня арганізацыі Дзмітрый Карпей яшчэ 8 снежня. Да гэтага часу скрыня з падарункамі ўпэўнена напаўнялася, што сведчыць аб неабыякавасці жыхароў горада і раёна. Таксама актыўны ўдзел у акцыі прынялі работнікі гандлёвай сферы, члены прафсаюза.
29 снежня старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Пружанскага райспажыўтаварыства Ларыса Гушча і прадстаўнікі аўтаклуба раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы ў вобразах Дзеда Мароза і Снягуркі завіталі ў дзіцячы дом сямейнага тыпу Ірыны Карачун.
Малодшыя падрыхтавалі да візіту Дзядулі Мароза і Снягуркі немаленькія вершы на роднай мове, што асабліва спадабалася казачным героям. Старэйшыя члены сям’і, у сваю чаргу, выказалі цёплыя пажаданні гасцям.
Сустрэча выдалася выдатная: дзеткі парадавалі ялінку-прыгажуню танцавальнай гульнёй, загадалі самыя запаветныя жаданні, і штосьці нам падказала, што гэта былі зусім не матэрыяльныя рэчы…
Пасля гэтага малыя атрымалі падарункі, якія малявалі на ёлку жаданняў. Замаўлялі рознае: скарбонку, плед, фен. Галоўнае, што ўсё супала з «заказамі». Кранула рэакцыя васьмігадовага Пашы, які папрасіў у Дзеда Мароза мяч і футбольныя пальчаткі: непадробным шчасцем загарэліся вочы хлопчыка, калі ён атрымаў абодва падарункі!
Як адзначыла мама, маленькія члены вялікай сям’і шчыра вераць у цуды, таму для іх гэты візіт — сапраўднае свята. Гаспадыня падзякавала арганізатарам сустрэчы за дзіцячыя ўсмешкі і магчымасць падтрымліваць іх веру ў дабро.
На развітанне Ларыса Яўгенаўна пажадала дзецям моцнага здароўя, поспехаў у вучобе і вялікага шчасця.
Юлія Янушка. Фота аўтара