Напрыканцы мінулага тыдня ў калектыве Пружанскага раёна газазабеспячэння адбылося ўрачыстае пасяджэнне з нагоды прафесійнага свята — Дня работнікаў нафтавай, паліўнай і газавай прамысловасці.
У Пружанскіх газавікоў нямала падстаў з гонарам адзначаць сваё свята. Дзякуючы ў тым ліку і іх рабоце, другі год запар пераходны Сцяг лідара захоўваецца ў філіяле «Кобрынгаз», структурным падраздзяленнем якога з’яўляецца Пружанскі РГЗ.
Падчас урачыстасці начальнік прадпрыемства Анатолій Рахавецкі адзначыў і іншыя дасягненні калектыву, дзякуючы дасканалай і сумленнай працы якога дзясяткі тысяч людзей карыстаюцца тымі перавагамі, што дае «блакітнае паліва».

Віншавальныя словы падтрымаў і намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гук, які парадаваўся знешняму выгляду тэрыторыі вытворчай базы, што пацвярджае і парадак унутраны.
— А яшчэ адным пацвярджэннем вашай якаснай работы з’яўляецца тое, што Пружаншчына лічыцца ў вобласці адным з найбольш газіфікаваных рэгіёнаў, — зазначыў Сяргей Міхайлавіч. — І самых высокіх слоў падзякі заслугоўвае кожны работнік прадпрыемства.
У пацвярджэнне сваіх слоў ён уручыў шэрагу спецыялістаў Пружанскага РГЗ Ганаровыя граматы і Пісьмы падзякі выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік