Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук:

— Жыццё не стаіць на месцы, у грамадстве адбываюцца змены ў розных сферах: палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай… Прадугледзець усе гэтыя перамены, і тым больш аформіць іх заканадаўча, вельмі няпроста. Таму з часам і ўзнікае неабходнасць унесці істотныя карэктывы ў Асноўны Закон краіны.
Усе разумеюць, што паводле Асноўнага Закону будуць жыць не толькі цяперашняе, але і будучыя пакаленні беларусаў. На жаль, з’явіліся жадаючыя дыктаваць, як нам жыць, прычым ва ўсім — пачынаючы ад культуры і сацыяльнай сферы і заканчваючы эканомікай.
Важна, што ў цэнтры ўвагі абноўленай Канстытуцыі застанецца галоўная асаблівасць палітычнага курсу нашай краіны — яго сацыяльная арыентаванасць, замацаванне на канстытуцыйным узроўні асноўных прыярытэтаў дзяржавы, такіх як падтрымка сем’яў з дзецьмі, інвалідаў, пажылых людзей, стварэнне ўмоў для развіцця кожнага чалавека. І прафсаюзы заўжды падтрымлівалі і падтрымліваюць сацыяльную арыентаванасць палітыкі і эканомікі.
Безумоўна, мы падтрымліваем і тэзіс праекта Канстытуцыі аб неабходнасці захавання гістарычнай праўды аб подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Сумесна з ветэранамі, моладдзю мы на працягу многіх гадоў працуем у гэтым напрамку.

З артыкулам 15 арганічна звязаны і дадатак у артыкул 54 Канстытуцыі: «Праяўленне патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа з‘яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь». Значнасць гэтай канстытуцыйнай нормы надзвычай высокая. Дзякуючы ёй мы надаем магутны імпульс працэсу грамадзянска-патрыятычнага і ваенна-патрыятычнага выхавання нашых дзяцей у духу вернасці беларускаму народу і дзяржаве, захаванню шматвяковых традыцый, папулярызацыі нацыянальных каштоўнасцей і гісторыка-культурнай спадчыны.