Гасцінныя Ганцавічы ўжо ў гэтую суботу будуць сустракаць шчырых працаўнікоў вёскі з усяго першага рэгіёна на абласным фестывалі «Дажынкі». Па добрай традыцыі населены пункт, у якім праводзяць такое свята, актыўна добраўпарадкоўваюць. Прыклалі руку да стварэння прыгажосці ў Ганцавічах і работнікі Пружанскага КУВП «Камунальнік» у рамках удзелу ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства сярод рабочых зялёнага будаўніцтва.
Сёлета паўдзельнічалі ў ім 17 арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі з розных раёнаў Брэстчыны. Мэта для ўсіх была адзіная — стварыць прыгожую малую архітэктурную форму або кветкавую кампазіцыю, якая стане ўпрыгажэннем вуліцы Кастрычніцкай у Ганцавічах.
Пружанскія камунальшчыкі, як і ў мінулыя гады, падышлі да задачы арыгінальна. Калі раней стваралі кампазіцыі з выкарыстаннем макетаў архітэктурных помнікаў свету і раёна — Пізанскай вежы і Ружанскага палаца роду Сапег, то сёлета канцэпцыю змянілі.
— Паколькі конкурс быў прысвечаны Году міру і стварэння, то хацелася ўвасобіць у кампазіцыі гэтую тэму. Думалі, як, з дапамогай чаго паказаць, што мірная і стваральная праца такая неабходная нашай Беларусі. У галаву прыйшоў вобраз пчол. Сапраўды, з якой стараннасцю гэтыя насякомыя шчыруюць, і, хоць балюча джаляць, людзі іх вельмі паважаюць. Вось і вырашылі стварыць кампазіцыю ў выглядзе пчаліных сотаў, — расказала начальнік участка «Дапаможны» Юлія Ахрымук.
Па яе словах, спачатку вырабілі вялікі драўляны макет у форме сотаў. З гэтай задачай на выдатна справіўся сталяр Пётр Токар. Потым для працягу рэалізацыі ідэі непасрэдна ў Ганцавічы адправілася група работнікаў «Камунальніка» ў складзе дзевяці чалавек.
На выдзеленым участку вуліцы Кастрычніцкай у райцэнтры спачатку ўсталявалі падрыхтаваную канструкцыю, а затым сталі дапаўняць яе шматлікімі кветкамі: жоўтымі і аранжавымі аксаміткамі «антыгуа», петуніямі, чырвонай сальвіяй, бягоніямі — словам, такімі кветачкамі, колер якіх асацыюецца з мёдам і пчолкамі.
У выніку атрымалася вельмі прыгожая кампазіцыя! Старанні пружанцаў ацаніла і журы конкурсу. За свой крэатыў пружанскае звяно работнікаў зялёнага будаўніцтва атрымала дыплом першай ступені абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства ў намінацыі «Прыз аргкамітэта».
Мы віншуем нашых стваральнікаў прыгажосці. Упэўнены, што іх кампазіцыя абавязкова прыцягне ўвагу гасцей абласнога свята працаўнікоў вёскі, парадуе іх, і тут будзе зроблена нямала фотаздымкаў і сэлфі ўжо 9 верасня.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Юліі Ахрымук