Вторник, 13 января 2026

Работнікі кааперацыі адзначылі прафесійнае свята і атрымалі заслужаныя ўзнагароды

543

Сваё прафесійнае свята адзначылі работнікі кааператыўнай галіны, якая з’яўляецца важнейшым структурным элементам эканомікі дзяржавы.

Работнікі кааперацыі — гэта людзі, якія сваёй штодзённай працай імкнуцца павысіць якасць абслугоўвання насельніцтва і ўносяць значны ўклад у развіццё і ўдасканаленне гэтай спажывецкай галіны. У раённым спажывецкім таварыстве працуе каля тысячы чалавек. Іх аб’ядноўвае высокі прафесіяналізм і адказны падыход да сваёй справы.

— На жаль, ніколі не ўяўляецца магчымым сабраць на ўрачыстае мерапрыемства ўвесь наш калектыў: многія і ў святочны дзень знаходзяцца на сваіх працоўных месцах, працягваюць выконваць свае абавязкі. Тым не менш, мне хацелася б павіншаваць усіх работнікаў нашага таварыства са святам, пажадаць, у першую чаргу, здароўя, мірнага неба над галавой і прафесійных поспехаў. — прывітаў усіх прысутных старшыня праўлення райспажыўтаварыства Дзмітрый Карпей.

Свята атрымалася яркім, напоўненым светлымі эмоцыямі. Ва ўрачыстай абстаноўцы лепшым работнікам былі ўручаны ганаровыя граматы і падзячныя лісты.

Асаблівым момантам стала ўручэнне пасведчанняў аб занясенні на Дошку гонару Пружанскага райспажыўтаварыства тым, хто многія гады прафесійна і адказна выконваў свае абавязкі. Гэта вядучы бухгалтар райспажыўтаварыства Іна Канстанцінаўна Баркова, галоўны бухгалтар філіяла «Кааптранс» Наталля Мікалаеўна Прытульчык, бухгалтар філіяла «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» Святлана Мікалаеўна Філінюк, прадаўцы Наталля Аляксееўна Ільіна і Галіна Віктараўна Мароз, буфетчыкі Таццяна Яўгенаўна Кананкова і Ірына Уладзіміраўна Хамета, аператар лініі ў вытворчасці харчовай прадукцыі Людміла Фёдараўна Казак, машыніст цестараздзелачных машын Алена Аляксандраўна Маціеўская, прыёмшчык-здатчык харчовай прадукцыі Вольга Уладзіміраўна Сёмачкіна, загадчыца міні-крамы аграгарадка Руднікі Наталля Мікалаеўна Бойка, нарыхтоўшчык Галіна Міхайлаўна Мелеш.

Асобна варта адзначыць вядучага юрысконсульта райспажыўтаварыства Сяргея Анатольевіча Сіплівага, якому было прысуджана ганаровае званне Белкаапсаюза «Чалавек года» ў намінацыі «Лепшы юрыст».

Вядома ж, авацыямі і добрымі словамі павіталі ветэранаў кааперацыі, некаторыя з іх працягваюць працаваць у гэтай сферы і не спяшаюцца на заслужаны адпачынак.

Святочную атмасферу стваралі артысты Палаца культуры, іх творчыя нумары былі прыняты ў зале на «ўра».

Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік