Напярэдадні народнага рэферэндуму, які будзе праведзены з нагоды ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, у працоўных калектывах па ўсёй краіне праходзяць іх абмеркаванні. Такая ж сустрэча з дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў, галоўным інжынерам УП «Брэстаблгаз» Аляксандрам Крацам на пачатку бягучага тыдня адбылася ў філіяле «Пружанскі раён газазабеспячэння».

Складана знайсці чалавека ў нашай краіне, які б не чуў пра змяненні і дапаўненні ў дзеючую Канстытуцыю РБ. Аднак не ўсе дакладна разумеюць змест тых новаўвядзенняў, як і неабходнасць іх прыняцця. І вельмі актуальна пачуць тлумачэнні з вуснаў чалавека, які прымае непасрэдны ўдзел у законатворчай дзейнасці. Аляксандр Станіслававіч падрабязна спыніўся на ўсіх магчымых пытаннях, пачынаючы ад неабходнасці змяненняў, які наспелі, зыходзячы з новых патрабаванняў цяперашняга дня, і заканчваючы сэнсам дапаўненняў. Апошнія ў выпадку іх прыняцця будуць па-новаму рэгуляваць сістэму кіравання, абарону правоў і інтарэсаў грамадзян, а таксама сацыяльныя абавязкі, якія нясе дзяржава. Напрыклад, Асноўны Закон, які ёсць практычна ў любой цывілізаванай краіне нашай планеты, з’яўляецца адзіным падмуркам, на якім будуюцца знешняя палітыка і ўнутранае жыццё грамадства.

Беларусь прытрымліваецца прынятых міжнародных стандартаў, забяспечваючы сваіх грамадзян шырокімі правамі, а таксама абараняючы іх інтарэсы. Аднак ні адна дзяржава не трымаецца за нязменнасць гэтага падмурку. Змяняюцца палітычная сітуацыя, эканамічныя падыходы, пашыраецца карпаратыўнасць паміж краінамі. Гэта і многае іншае павінна выконвацца ў рамках законнасці і справядлівасці.

— Кожны пагодзіцца, што Беларусь 1994 года і цяперашняя выглядаюць па-рознаму, — заўважыў дэпутат. — Змянілася практычна ўсё, акрамя… Канстытуцыі. Зразумела, што яе змест цяпер не ва ўсім адпавядае патрэбнасцям, а па некаторых пазіцыях нават супярэчыць.

Рэферэндум народнага волевыяўлення запланаваны на люты. Зыходзячы з гэтага, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік, які прымаў удзел у сустрэчы з калектывам раённай газавай службы, спыніўся на неабходнасці прыйсці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць. Гэта не толькі грамадзянскі абавязак: рашаецца лёс усяго беларускага народа на далёкую перспектыву. А значыць, гэта яшчэ і бацькоўскі клопат пра наступнае пакаленне. Пра той перыяд, калі далейшым будаўніцтвам Беларусі будуць займацца ўжо нашы дзеці. Таму варта задумацца, што мы пакінем ім у спадчыну.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік