Среда, 19 февраля 2025

Работа з людзьмі, уборачная і выбары. Лукашэнка абазначыў ключавыя задачы для мясцовай вертыкалі

72

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы кадравыя рашэнні, абазначыў ключавыя задачы для мясцовай вертыкалі, у ліку якіх работа з людзьмі, правядзенне ўборачнай і выбарчай кампаній, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Берагчы кадры і даць усім шанц

«Як звычайна, прашу вас разабрацца з кадрамі, з якімі вы будзеце працаваць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, выбудоўваць кадравую работу трэба не спяшаючыся, добра вывучыўшы кадравы патэнцыял, і абавязкова даваць шанц усім, хто ўжо працуе. «Паглядзіце, з кім вы будзеце працаваць. Ад усіх вашых аддзелаў — культуры, адукацыі, эканомікі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і гэтак далей — да вашых намеснікаў. Я заўсёды гавару: шанц трэба даваць усім», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Задачы, якія стаяць перад кіраўнікамі на месцах, і патрабаванні да іх з боку кіраўніка дзяржавы ў прынцыпе добра вядомы. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка чакае ад новых назначэнцаў праяўлення большай адказнасці і ініцыятыўнасці. «Маю ацэнку работы старшынь райвыканкамаў і кіраўнікоў адміністрацый у гарадах вы ведаеце: вы па розных прычынах, якія часам ад вас не залежаць, не дапрацоўваеце. Таму што губернатары вельмі націскаюць, не даюць магчымасці раскрыцца і больш свабодна працаваць. Праўда, не ўсюды. У Гомельскай, Віцебскай, Магілёўскай — ва ўсходніх абласцях у нас велізарнае поле для дзейнасці. Там ніхто нікому перашкаджаць не будзе. Дай бог, вынік каб быў», — сказаў Прэзідэнт.

«Таму я вас адразу арыентую і заўсёды гавару: вы — прэзідэнты на сваёй тэрыторыі. Вы павінны арганізоўваць працэс, вы павінны за ўсімі працэсамі назіраць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Асобна кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на сферу захавання правоў чалавека. «У нас ніякіх амбудсменаў няма. Прэзідэнт і вы, мае людзі на месцах, займаецеся правамі чалавека. Мы не павінны ствараць у грамадстве празмернае напружанне, але і вольніцы не павінна быць у парушэнне законаў», — зрабіў акцэнт Прэзідэнт.

Правесці выбары зладжана, прыгожа, у інтарэсах дзяржавы

Важным і адказным напрамкам работы для мясцовай вертыкалі ў хуткім часе стане правядзенне выбарчай кампаніі. «Мы ўжо ўвайшлі ў электаральны перыяд», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. У пачатку бягучага тыдня гэта тэма абмяркоўвалася ў час даклада Прэзідэнту старшыні ЦВК Ігара Карпенкі. Як было заяўлена, маючыя адбыцца прэзідэнцкія выбары пройдуць у адпаведнасці з дзеючым выбарчым заканадаўствам. Яно ўжо было адпрацавана ў адзіны дзень галасавання і паказала, што прыняцця якіх-небудзь кардынальных змяненняў не патрабуецца. «Не трэба чакаць чагосьці новага. Вы былі ўсе ўдзельнікамі гэтых выбараў (у час адзінага дня галасавання. — Заўвага БЕЛТА)», — заўважыў Прэзідэнт.

Галоўнае, на што ён арыентаваў і ЦВК, і мясцовыя органы ўлады, — правесці выбары дастойна, не пакрыўдзіўшы людзей. «Мы, як я сказаў, не павінны пакрыўдзіць людзей. Усё павінна быць зладжана, прыгожа, у інтарэсах нашай дзяржавы», — падкрэсліў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане згадаў пра «выбары», якія правялі нядаўна збеглыя апаненты. У гэтай справе, паводле слоў Прэзідэнта, яны «схібілі так, што далей няма куды»: з амаль 7 млн ​​выбаршчыкаў на іх «выбарах» прагаласавалі ўсяго 6 тыс. чалавек. «Нават дыяспары не сталі за іх там галасаваць, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Ужо там самім сабе не вераць».

«Мы гаварылі адкрыта, да чаго гэта прывядзе. Навошта праводзілі гэтыя выбары? А грошы ж патрэбны для існавання», — растлумачыў Прэзідэнт. Пасля такой абсалютна правальнай арганізацыі працэсу любыя папрокі з боку збеглых або іх куратараў у адрас беларускіх улад цалкам недарэчныя. «Не ім нас папракаць. Я заўсёды гаварыў: мы праводзім выбары для сябе. Не глядзіце па баках. Усё, чаму яны нас вучылі гэтыя гады пасля распаду Савецкага Саюза, — гэта для таго, каб мець пад рукой і ў падпарадкаванні (несамастойную, лёгка кіруемую дзяржаву. — Заўвага БЕЛТА). Крок налева, крок направа — ні грошай (пазбавяць грошай. — Заўвага БЕЛТА), а яшчэ і галаву здымуць», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Тыя, хто ўцёк з краіны і, знаходзячыся за мяжой, выступаюць супраць яе, сядзяць на забеспячэнні ў амерыканцаў і асобных прадстаўнікоў Еўрасаюза, падкрэсліў Прэзідэнт. «Яшчэ і рыхтуюць узброеныя правакацыі супраць нас. Ну, з гэтым мы справімся», — сказаў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы яшчэ раз зрабіў акцэнт на неабходнасці працаваць з людзьмі, весці размовы з працоўнымі калектывамі, растлумачваць сітуацыю. 
«Ваша задача — працаваць з людзьмі, — звярнуўся Прэзідэнт да прадстаўнікоў мясцовай вертыкалі. — Вы павінны перш за ўсё пазнаёміцца ​​з усімі працоўнымі калектывамі, каб спецыялісты ў сельскай гаспадарцы, у калгасах, саўгасах і на прадпрыемствах, якія ў гарадах, ведалі, хто вы такія і для чаго вы накіраваны. Ідзіце да людзей».

Клопат пра ўраджай

Традыцыйнае патрабаванне кіраўніка дзяржавы да кіраўнікоў мясцовых органаў улады — пастаянна трымаць на кантролі і ў полі зроку сферу сельскай гаспадаркі, удзяляючы ёй самую пільную ўвагу. «Гэта ваш клопат», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым сезоне прагнозы на ўраджай па многіх культурах добрыя. Цяпер стаіць задача яго захаваць і беражліва ўбраць. «Нядрэнны ўраджай пакуль. Гасподзь нас пашкадаваў у гэтым годзе. Пакуль. Думаю, што ўсё ж мы збяром нядрэнны ўраджай, калі вы падрыхтуецеся да гэтага», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Цяпер у рэгіёнах актыўна ідзе нарыхтоўка кармоў, а пасля настане час і для пачатку ўборачнай кампаніі, рыхтавацца да якой трэба ўжо сёння. Асабліва што датычыцца тэхнікі, камбайнаў і спецыялістаў, якія будуць задзейнічаны. «Размяркуйцеся, паглядзіце, якіх механізатараў у вас не хапае, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вызначыцеся са старшынямі аблвыканкамаў, гарвыканкамаў, прыцягвайце з гарадоў людзей. Ужо цяпер трэба рыхтавацца да гэтага няпростага выпрабавання».

Са свайго боку Прэзідэнт паабяцаў чыноўнікам сур’ёзны кантроль за сітуацыяй у сельскай гаспадарцы. І на гэта ёсць важкія прычыны. «Яшчэ і таму, каб не страціць гэты ўраджай. Будзе добры задзел у нас, нейкія лішнія тоны — у нас ёсць куды пакласці гэты золатавалютны рэзерв», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Яшчэ раз падкрэсліваю: у рамках вашага раёна, раёна ў горадзе — вы там за гэта адказваеце. Адказнасць уся на вас. Прыцягвайце да работы праваахоўныя органы, структуры, пракуратуру і гэтак далей. Яны ўсе павінны працаваць з вамі ў адной звязцы. Першая асоба ў раёне — гэта вы, старшыні райвыканкамаў», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.