Чэсна, не ведаю, як павінна пахнуць французская парфума, але непаўторны пах яблыкаў сорту «айдарэд», упэўнены, ніяк ёй не саступае. Калі мы трапілі ў халадзільную камеру на фруктасховішчы ААТ «Ружаны-Агра», аж галава закружылася ад цудоўнага водару вітаміннай прадукцыі. Было такое ўражанне, што ўсё паветра напоўнена самымі неверагоднымі, але такімі роднымі пахамі. Вось жа сапраўды райскае месца працы. Гэта меркаванне старонняга чалавека, а чым жа, на самай справе, займаюцца садаводы ў зімовы час?

Не, яны не ўпадаюць у зімовую спячку. Работы на сховішчы кожны дзень хапае. З чаго пачынаем? Па словах начальніка саду Вольгі Гайдук, пастаянна кантралюецца вільготнасць і тэмпература ў маразільных камерах. У першым выпадку гэты паказчык павінен складаць 90-95 %. У другім усё залежыць ад сорту яблыкаў: ад 0 да +2 градусаў, +1 — +3 і +2 — +4. Вось вам і яблыкі, а патрабуюць такой пільнай увагі да сябе.
Абавязкова штодзённа ў складскім памяшканні наводзіцца парадак, у тым ліку, і санітарная апрацоўка падлогі. Нельга дапусціць, каб мікробы траплялі на такую сакавітую і прыгожую прадукцыю.

А далей дванаццаць вопытных садаводаў прыступаюць да сартавання, каліброўкі і ўпакоўвання духмянай садавіны. На кожнай скрынцы з крамянай прадукцыяй наклейваюцца стыкеры з лагатыпам ААТ «Ружаны-Агра» — многія аматары вітамінаў хочуць бачыць на сваім стале менавіта ружанскую садавіну. Дарэчы, толькі яблыкі без дэфектаў адгружаюцца на продаж.

Напомнім, што з восені мінулага года тут быў закладзены стабілізацыйны фонд на 260 тон яблыкаў сартоў «алеся», «імант», «весяліна», «айдарэд» і «шампіён». На любы густ, толькі выбірай, смакуй, назапашвай вітаміны! Згодна складзенага графіка, ужо адгрузілі 140 тон, а ў сакавіку плануецца паставіць апошнія 120. Заказчыкам смакаты з’яўляецца ТАА «Еўраторг», і, зразумела, у сельгаставарыстве не забываюць пра свае фірменныя магазіны, якія размяшчаюцца ў Ружанах, Калазубах, Пружанах і Слоніме. Так што, калі ласка, не саромеемся, заходзім у крамы гаспадаркі і купляем смачныя яблыкі.
І яшчэ. Хоць і люты на двары, але, як адзначае Вольга Леанідаўна, абрэзка дрэў не спыняцца, улічваем толькі тэмпературны рэжым — калі ніжэй за -7 градусаў, абрэзваць дрэвы нельга. А ўвогуле дадзены від работ у садзе мае велізарнае значэнне, свае мэты і задачы. Гэта і рэгуліроўка росту садовага дрэва, і фарміраванне правільнай кроны ў маладых саджанцаў, павышэнне плоданашэння і паляпшэнне якасці ўраджаю, узнаўленне дрэва, выдаленне старых і пашкоджаных галін. Чым гусцей крона, тым цяжэй дрэву. Важнасць зімовай абрэзкі — памяншэнне рызыкі негатыўных наступстваў, так як работа праводзіцца ў фазу жыццёвага цыклу дрэва, калі няма руху соку. А яшчэ адсутнасць ліста дазваляе добра разгледзець усе галіны, падмерзлая драўніна лепш пілуецца.
Мышы таксама не даюць сумаваць садаводам у зімовы перыяд. Таму даводзіцца перыядычна праводзіць пратручванне, бо хоць грызун і невялікіх памераў, але шкоду саду можа нанесці адчувальную: пераносіць захворванні, знішчае маладыя саджанцы раслін, прарывае заблытаную сістэму хадоў, тым самым шкодзіць каранёвай сістэме дрэўцаў.

Яблык можа быць не толькі прычынай сваркі, а яшчэ і вельмі карысным плодам для здароўя. Садавіна ўтрымлівае вітамін С, які дапамагае ўмацоўваць імунную сістэму, тым самым, абараняючы арганізм ад інфекцый. Што даволі актуальна ў зімовы перыяд, калі актыўна гуляюць розныя захворванні. Яблыкі багатыя на флаваноіды. Гэтыя антыаксіданты валодаюць процізапаленчымі ўласцівасцямі. Робім вывад: ешце яблыкі і будзьце заўсёды здаровыя!
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік