Нездарма прыродны газ разам з электрычнасцю лічыцца найбольш важкім энергарэсурсам для сучаснай цывілізацыі. Гэта відавочна і на прыкладзе Пружанскага раёна, эканоміка і сацыяльная сфера якога атрымалі істотны штуршок да развіцця, калі ў наш рэгіён прыйшло блакітнае паліва. Адбылося гэта ў 1962 годзе, калі ў красавіку загадам па Брэсцкім трэсце па газіфікацыі «Брэстгаз» была створана кантора па газіфікацыі Пружанскага раёна пры Кобрынскім мантажна-эксплуатацыйным участку.
Некалькі месяцаў новаму прадпрыемству давялося вырашаць арганізацыйныя, тэхнічныя і нават кадравыя пытанні. Не хапала абсталявання, машын, падрыхтаваных спецыялістаў. Аднак тады, як і цяпер, работа газавікоў была заснавана на высокай дысцыплінаванасці, адданасці і адказным стаўленні да ўскладзеных абавязкаў. І напрыканцы 1962 года служба выйшла на зададзеныя параметры, пачаўшы забяспечваць пружанцаў карысным палівам. Як зазначае начальнік Пружанскага РГЗ Анатоль Рахавецкі, у многім гэта заслуга арганізаванасці першых кіраўнікоў прадпрыемства.
– У 1967 годзе арганізацыю ўзначаліў Вадзім Антонавіч Шлеба, якога ў 1995 годзе змяніў Станіслаў Людвікавіч Крац, – успамінае Анатоль Георгіевіч. – На жаль, гэтых сапраўдных прафесіяналаў газавай службы ўжо няма з намі, але іх прыклад жыве і зараз, прымушаючы ісці наперад. Такую планку папярэднікаў падтрымліваў у свой час Аляксандр Станіслававіч Крац, які кіраваў прадпрыемствам з 2006 па 2018 гады. Спадзяюся, што праз гады нашы пераемнікі таксама адзначаць і мой уклад.
– Якім чынам развівалася газіфікацыя нашага раёна?
– Давялося пачуць успаміны аднаго з нашых ветэранаў. Людзі на пачатку 60- х гадоў увогуле не ведалі, як карыстацца блакітным палівам, ставіліся да яго з апаскай. Работнікам даводзілася нават рабіць падворныя абходы, угаворваючы людзей паставіць газавыя пліты. Зараз гэта гучыць дзіка, наадварот, падчас выбару месца жыхарства ў той ці іншай вёсцы чалавек адразу пытае, ці ёсць там прыродны газ.
Зробленае можна ацэньваць па-рознаму. Напрыклад, цяпер у каго-небудзь гістарычныя звесткі могуць выклікаць усмешку. Пра тое, як будаваліся склады для звадкаванага газу, як атрымлівалі матацыклы для перавозкі балонаў. Але за кожнай падзеяй, учынкам імёны і прозвішчы работнікаў службы. Сотні прафесіяналаў штодня будавалі цяперашні дабрабыт. Дзякуючы ім вынікі чарговага года радавалі ростам лічбаў.
Сёлета споўнілася роўна 30 гадоў з таго дня, калі на Пружаншчыну прыйшлі магістралі з прыродным газам. Усяго толькі тры дзесяцігоддзі мінула, а колькі такіх нітак ужо пракладзена па раёне. На сённяшні дзень у працэнтных суадносінах узровень газіфікацыі па раёне – 99,2%. Агульная працягласць сетак перавысіла 573 кіламетры, мы цяпер абслугоўваем 17 прамысловых і 104 камунальна-бытавыя прадпрыемствы, каля 22 тысяч кватэр.
– Наколькі сучасная работа спецыялістаў раёна газазабеспячэння адрозніваецца ад таго, што было 20, 30 і больш гадоў таму?
– Скажу больш, умовы працы мяняюцца літаральна штогод. З’яўляецца новае аснашчэнне, павышаюцца патрабаванні да бяспекі і стабільнасці. Рэгулярна праводзяцца кваліфікацыйныя іспыты, каб работнікі адпавядалі павышаным стандартам.
– Ці не спыняецца на дасягнутым газавая служба?
– Два дзесяцігоддзі таму ўзровень газіфікацыі раёна быў 95%, зараз –больш за 99%. Можна сказаць, што ў сярэднім ахоп спажыўцоў блакітным палівам за год павялічваўся на долі працэнтаў, што можа палічыць нязначным вынікам. Вось толькі для нас важна не матэматычная велічыня, а рэальныя аб’ёмы. Толькі ў бягучым годзе мы праклалі столькі новых магістраляў, што, каб абысці іх, чалавеку спатрэбіцца каля 10 гадзін. Вось гэта рэальнасць уражвае. Да прыроднага газу атрымалі доступ сотні вяскоўцаў з шэрагу населеных пунктаў, а таксама вытворчыя аб’екты. Словам, прыклад нашых ветэранаў-газавікоў Рэгіны Солад, Маргарыты Дабрэнка, Васілія Чарвяка, Івана Пстыгі, Мікалая Леўчука, Антаніны Валасевіч, Уладзіміра Радзівоніка, Мікалая Тапольскага, Ганны Сідарук, Мікалая Літвінчука, Аляксандра Ціханюка, Вадзіма Магілёва, Аляксандра Волчыка, Уладзіміра Краўца, Таццяны Лісіцкай, Святланы Рахавецкай і многіх іншых проста не дазваляе нам спыняцца ў сваёй дзейнасці.
З нагоды нашага юбілею перадаю віншаванні ўсім, хто ўнёс свой уклад у павышэнне дабрабыту пружанцаў, у развіццё нашага рэгіёна. А таксама тым, хто працягвае гэту работу. Зычу добрага настрою падчас надыходзячых навагодніх святаў, моцнага здароўя на наступныя гады. І, зразумела, чарговых здзяйсненняў на карысць людзям.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік