Ці не марылі вы пра тое, каб пухнатая прыгажуня, навагодняя ёлка, якая штогод напярэдадні зімовых святаў з’яўляецца ў нашых дамах, сама віншавала вас з Новым годам? А пра тое, каб яе ілюмінацыя дазваляла пагуляць у тэтрыс або змейку, а кіраваць эфектамі можна было з дапамогай мабільнага тэлефона? Усё яшчэ думаеце, што гэта фантастыка? Вось і не! Менавіта такую ёлку змайстравалі Даніла і Аляксандр Іванавіч Гукі з аг.Лінова. І перамаглі ў абласным этапе конкурсу “ТэхнаЁлка”.
Праўда, спачатку на свет павінна была з’явіцца не ёлка, а гірлянда. Інтэрактыўную ілюмінацыю ўбачыў на адным з вокнаў падчас гасцявання ў бабулі ў Баранавічах Даніла і загарэўся ідэяй змайстраваць такую ж самастойна. Тым больш, што электронікай захапляецца не першы год, хобі пераняў ад бацькі.
— Усе неабходныя дэталі мы закупілі ў інтэрнэце, але раптам — конкурс. Вырашылі, што ілюмінацыя пачакае, і прыступілі да вырабу ёлачкі, — падхоплівае Аляксандр Іванавіч.
Конкурс “ТэхнаЁлка” стаў для бацькі і сына другім па ліку. Паспяхова дэбютавалі ў 2019 годзе. Тады прадставілі на суд журы рэтраёлку, зробленую са старых гірляндаў і радыёлямпаў, за што атрымалі дыплом другой ступені на раённым этапе. Зараз гэтая ёлачка ўпрыгожвае кабінет Аляксандра Іванавіча. Для ўдзелу ў конкурсе на гэты раз абралі намінацыю “Хайтэк-ёлка”. Паколькі ў вырабе прысутнічае электронны модуль на 256 кіруемых RGB-святлодыёдаў, ёлачку назвалі “Матрыца”. Каб зрабіць яе інтэрактыўнай, убудаваць эфекты падаючага снегу, надпіс “З Новым годам” і не толькі, спатрэбіўся прыкладна месяц. Майстравалі па вечарах і дома, і ў школе. На перамогу нават не разлічвалі: ставілі задачу не падвесці навучальную ўстанову. Калі ж даведаліся, што сталі лепшымі не толькі ў раёне, але і ў вобласці, радасці не было межаў. Зараз чакаюць вынікаў заключнага, рэспубліканскага, этапу.
Сядзець, без справы, бацька і сын проста не могуць. Аляксандр Іванавіч, настаўнік інфарматыкі і тэхнічнай працы, увесь час удасканальвае экспазіцыю ўласнага міні-музея “Ад абака да камп’ютара”, які размясціўся ў будынку майстэрні Ліноўскай СШ. У ёй збірае старыя прынтары і камп’ютары, працэсары, друкарскія машынкі, касеты, дыскеты і не толькі. Іх перадаюць у музей вучні і калегі-радыёаматары. Ёсць экспанаты, што прыехалі нават з Дрысвят (Віцебская вобласць). Да свайго захаплення Аляксандр Іванавіч падключае юных школьнікаў. На базе Ліноўскай ДШМ ён вядзе гурток “Калектыўная радыёстанцыя”. Таксама запаўняе сайт “Лінова і наваколле”.
Дапамагае ў гэтым і Данік, які часта робіць прыгожыя фота-здымкі. Аднак больш за ўсё дзевяцікласніка вабяць матэматыка і фізіка, таму праз некалькі гадоў бачыць сябе спецыялістам у гэтай сферы. Акрамя сяброўства з тэхнікай, ёсць занятак для душы: Даніла наведвае харэаграфічнае аддзяленне, кажа, што танцы расслабляюць і дапамагаюць трымаць сябе ў форме. Яшчэ Данік любіць чытаць, з апошняга — кнігі Анджэя Сапкоўскага, а ў спісе любімых твораў у асноўным фэнтэзі. Таму на стварэнне ёлкі натхніла і літаратура. А ўвогуле ў галаве яшчэ вельмі многа ідэй. Хто ведае, магчыма, ў будучыні мы будзем ганарыцца цікавымі і карыснымі распрацоўкамі нашага таленавітага земляка.
Уладзіслаў Шпарла. Фота Сяргея Талашкевіча.