Воскресенье, 12 января 2025

«Queens Show» зачаравала, уразіла і, вядома, запомнілася. Хто стаў пераможцай трэцяга сезона?

850

Восьмага сакавіка ва ўсім свеце адзначаецца Дзень жанчын. У Пружанах з нядаўняга часу гэта яшчэ і Дзень каралеў! Усё таму, што ў Палацы культуры ў жаночае свята праходзіць конкурс прыгажосці, грацыі і таленту «Queens Show». Любімае многімі жыхарамі раёна творчае выпрабаванне для жанчын 30-40 гадоў вярнулася пасля мінулагодняга перапынку і здзіўляць стала яшчэ да свайго пачатку.

На трэці па ліку сезон ў Год гістарычнай памяці арганізатары паставілі звышзадачу – падкрэсліць самабытнасць і раскрыць душу беларускай жанчыны. На тое, што конкурс будзе прасякнуты нацыянальным каларытам, празрыста намякнулі яшчэ на афішы, змясціўшы там беларускі арнамент.

Пачалося шоу на беларускай мове, увазе гледачоў культработнікі прадставілі абрад гукання вясны. А неўзабаве з’явіліся і васьмёра ўдзельніц, апранутых у нацыянальныя строі, іх галовы пакуль што ўвенчвалі вяночкі з палявых кветак.

Для таго, каб на іх заззялі кароны, трэба было пастарацца. Тэматыка чатырох конкурсаў засталася без змяненняў: візітоўка, выпрабаванне пад назвай «Fashion-мадэльер», хатняе творчае заданне «Арт-каралевы» і дэфіле ў вячэрніх уборах. Здзіўляць і зрываць шквал апладысментаў канкурсанткі не пераставалі штораз.

Першы нумар дастаўся настаўніцы гімназіі Юліі Куроўскай. Падчас самапрэзентацыі жанчына вывела «формулу самой сябе», складнікамі якой з’яўляюцца бацькі, каханне, вучні і калегі, сябры і… маленькія жаночыя слабасці. У якасці «ікса» матуля двух цудоўных дзяўчынак назвала сваё хобі — вышыванне крыжыкам. Навыкі майстрыхі спатрэбіліся Юліі ў конкурсе самаробных убораў: яна прадставіла вячэрнюю сукенку са спанбонду. А ў творчым конкурсе перанесла на імгненне на ўласнае вяселле, падчас якога выконвала песню Ганны Герман «Рэха любві», а пасля выйшла на сцэну і прадоўжыла цудоўную кампазіцыю.

Арыгінальна падышла да выступлення ўдзельніца пад №2 Вольга Кірушына, настаўніца фізкультуры Хараўской СШ. Сябе яна прадставіла казкай пра прынцэсу Вольгу, якую прачытала двум сыночкам. Так гледачы даведаліся, што жанчына сама выхоўвае дзетак. У конкурсе мадэльераў Вольга стварыла вобраз сучаснай Купалінкі, толькі сукенка была зроблена з сурвэтак, пакетаў для смецця, а верх аздоблены кампакт-дыскамі. Дарэчы, на стварэнне ўбору спатрэбілася каля 400 сурвэтак, скручаных уручную ў кветачкі. Вельмі кранальным было выступленне ў арт-конкурсе: разам з памочнікам Аляксандрам Вольга выканала танец пад трэк пераможцы «Еўрабачання-2019», які суправаджаўся цудоўным акампанементам скрыпкі.

Нацыянальнымі матывамі было прасякнута выступленне трэцяй удзельніцы і нашай калегі — рэдактара Пружанскага тэлебачання і карэспандэнта «раёнкі» Вольгі Вадзяновіч. Па-першае, яна была адзінай, хто прадставіў візітоўку на беларускай мове. У ёй Вольга расказала, што нарадзілася ў Пінску, а ў Пружаны яе прывяло каханне. Яно сышло, а Вольга засталася. Па-другое, у творчым конкурсе разам з сяброўкай Янай канкурсантка выканала нацыянальны танец. Поўнасцю адпавядаў тэме конкурсу «Fashion-мадэльер» убор Вольгі, які сімвалізаваў свята дажынак: белая блуза і спадніца з мешкавіны, упрыгожаная кветачкамі.

З самага пачатку заявіла пра сябе як пра актыўную і рашучую прадавец-кансультант Марыя Ляонава: выйшла ў спартыўнай форме і са спартыўным дыванком. Расказала, што марыла стаць артысткай, але… Захапляецца ёгай і медытацыямі, з’яўляецца трэнерам, таму спрабавала «загіпнатызаваць» членаў журы. А яшчэ параіла ісці да сваіх мар. Калі гэта не атрымліваецца – «паўзці ці ляжаць да іх», і, уласна, сама лягла ў тым накірунку, дзе знаходзілася карона пераможцы. Сваю сукенку Марыя назвала «Абарона бацькоўскай спадчыны» і з’явілася ў вобразе анёла, а ў творчым конкурсе выканала песню пра незалежную дзяўчыну.

Начальнік аддзялення паштовай сувязі аг. Калядзічы Таццяна Быкава выйшла ў вобразе сцюардэсы і запрасіла ўсіх на борт уласнага жыцця. У жанчыны многа захапленняў, убачыць яе можна на канцэртах у мясцовым СДК, а сама яна збірае ўражанні, каб «было што расказаць унукам». Спадніцу самаробнай сукенкі Таццяны, створанай у тэхніцы макрамэ, упрыгожылі пластыкавыя талерачкі з нанесеным на іх беларускім арнаментам. У конкурсе «Арт-каралевы» разам з партнёрам Аляксеем яны здзівілі танцам.

Педагог-псіхолаг Мокраўскай СШ Людміла Улога распавяла, што людзі яе прафесіі таксама бываюць сумнымі, але дапамагаюць ёй не згубіць настрой муж і трое дзетак. Дарэчы, разам з дачушкай Людміла выканала песню «Ты мой цветочек» з серыяла «Сваты». Свой убор жанчына назвала «Блакіт роднай зямлі», а зрабіла яго з поліэтыленавых пакетаў.

Шчаслівы нумар 7 атрымала работніца малочнага камбіната Наталля Феранец. Яе візітоўкай стала песня ў стылі R&B. Спявала Наталля (ужо разам з дачкой) і падчас творчага конкурсу: гледачы пачулі кампазіцыю «Беларусь – мой родны кут». А ў конкурсе модніц жанчына праявіла крэатыў і зрабіла касцюм са… старых мужавых джынсаў. Дапоўніў вобраз нацыянальны арнамент.

Асаблівым было выступленне сацыяльнага работніка Алены Бармуты. Пра жанчыну, якая дрэнна чуе, але не адчаялася і радуецца жыццю, мы пісалі раней. Падчас конкурсу Алена не сказала ні слова, але расказала пра сябе вельмі многа. Прадставілі маму і жонку сын Мікіта і муж Сяргей у вобразе клоўна. Падчас творчага нумара Алена выканала песню на мове жэстаў, а ўбор для конкурсу «Fashion-мадэльер» зрабіла з вялікай колькасці гальштукаў!

Падчас дэфіле ў вячэрніх уборах усе ўдзельніцы даказалі, што яны яшчэ і вельмі стыльныя. Хацелася б адзначыць і фінальную кампазіцыю «Жанчына», якую з неверагоднай пяшчотай выканала Алёна Жмайлік і пад якую прадэфіліравалі канкурсанткі. Гэта было прыгожа, змястоўна і вельмі шчыра!

Паміж конкурснымі выпрабаваннямі для гледачоў выступалі танцавальныя калектывы «Амялі» і «Рубікон», ансамбль танца «Спадчына», музычная група «Статус 0», сольныя выканаўцы. Выйшлі на сцэну маленькія мадэлі са школы моды «Подыум», якія прадэманстравалі дзве калекцыі адзення.

Трэба падкрэсліць, што ў шоу было дастаткова многа партнёраў. Спецыяльныя падарункі падрыхтаваў аддзел культуры. Палац культуры падарыў сертыфікаты на наведванне дзіцячага гульнёвага пакоя, ДЮСШ №2 – на наведванне Воднага палаца. Цырульнік Марына Чарных працавала над стварэннем вобразаў жанчын, а таксама падрыхтавала для іх два сертыфікаты. Павіншавалі канкурсантак прафсаюзныя арганізацыі.

РГА «Белая Русь» падрыхтавала спецыяльны прыз. Яго ўручылі пераможцы глядацкага галасавання, якое арганізавалі ў акаўнце Палаца культуры ў Instagram. Падарунак забрала Наталля Феранец. Ёй жа дастаўся тытул «Fire Queen» («Запальная каралева»). Званне «Cool Queen» («Крутая каралева») заваявала Вольга Ва-дзяновіч. Каралевай моды («Fashion Queen») прызнана Юлія Куроўская. Самай элегантнай каралевай («Elegants Queen») журы назвала Таццяну Быкаву. Тытул «Art Queen» («Творчая каралева») па праве забрала Алена Бармута. Самай стыльнай каралевай («Style Queen») названа Людміла Улога.

І, нарэшце, асноўнае. Віцэ-каралевай («Vice Queen») сёлета стала Вольга Кірушына, а пераможцай конкурсу, якая заваявала самы галоўны тытул «Queen-2022», прызнана Марыя Ляонава. Жанчына расказала, што на ўдзел у конкурсе рашылася не адразу, а духу саперніцтва не адчувала. Самымі складанымі для яе сталі рэпетыцыі і барацьба са страхам публічных выступленняў. Перамогу Марыя прысвяціла мужу Дзмітрыю – свайму галоўнаму памочніку ў жыцці.

Дарэчы, шаноўныя жанчыны, калі вы таксама хочаце адчуць сабе каралевамі, ёсць цэлы год на падрыхтоўку! Палац культуры абяцае, што чацвёрты сезон шоу адбудзецца абавязкова.

P.S. Арганізацыя конкурсу і яго фармат заслугоўваюць найвышэйшай ацэнкі. Гэта сапраўды рэспубліканскі ўзровень і той выпадак, калі шкадуеш, што праз газету не перадаць усіх эмоцый і ўражанняў. Але асабіста мне не хапіла яшчэ адной намінацыі – штосьці накшталт «Этнакаралева». Думаецца, што ў конкурсе, напоўненым нацыянальным каларытам, яна была б да месца. Магчыма, у наступных сезонах «Queens Show» падобная думка будзе ўлічана.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_282677178