Суббота, 12 октября 2024

Пытанні сацыяльнага партнёрства на Пружаншчыне і не толькі разгледзелі ўдзельнікі выязнога прэзідыума абласнога аб’яднання прафсаюзаў (+ многа фота)

340

Пытанні сацыяльнага партнёрства і яго ажыццяўлення ў Пружанскім раёне 20 чэрвеня разглядаў выязны прэзідыум Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў.

Удзел у гэтым прадстаўнічым мерапрыемстве прынялі старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч (пленарнае пасяджэнне), намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Вадзім Грачоў, старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Рагачук, кіраўнікі галіновых прафсаюзаў вобласці.

Мерапрыемства пачалося з наведвання палацава-паркавага комплексу роду Сапегаў у Ружанах. Тут прафлідары азнаёміліся з экспазіцыяй музея, агледзелі тэрыторыю, даведаліся пра гістарычныя факты аб уладальніках палаца, ход рэстаўрацыйных работ. Было адзначана, што палацава-паркавы комплекс з’яўляецца своеасаблівай жамчужынай у кароне гістарычнай спадчыны Беларусі. Сюды трэба прывозіць як мага больш турыстаў.

Затым наш маршрут пралёг да Кургана Славы каля Ружан, дзе нас сустракала старшыня Ружанскага сельвыканкама Аксана Юркоўская. Яна расказала пра гісторыю гэтага помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны чырвонаармейцам. Імёны большасці з пахаваных на гэтым месцы невядомы. Яшчэ Аксана Уладзіміраўна паведаміла, як беражліва патомкі захоўваюць памяць аб гераічным мінулым краіны, як перадаюць гэтую памяць ад пакалення да пакалення. Адметна, што святое для кожнага месца захоўваецца заўсёды ў добрым парадку, акультурваецца. Гэтым займаюцца супрацоўнікі санаторыя «Ружанскі». Дарэчы, наступным нашым аб’ектам наведвання і стала здраўніца.

Колькі ў гэты райскі куток ні даводзіцца прыязджаць у любую пару года, заўсёды застаюцца толькі станоўчыя эмоцыі. Адразу ўспамінаюцца словы некалі вельмі папулярнай песні: «Не нужен мне берег турецкий, и Африка мне не нужна». Вось дзе можна адпачыць, палячыцца, аздаравіцца, нават памаладзець. Тут усё — ад інфраструктуры да поўнага комплексу лячэння і адпачынку — разлічана на зручнасці адпачываючых. Аднак фрахтаваць гэты «карабель» трэба за некалькі месяцаў, бо трапіць сюды даволі няпроста. Паказвалі і расказвалі пра ўсё хараство санаторыя «Ружанскі» намеснік дырэктара па медыцынскай частцы, рэабіліталогіі і арганізацыі харчавання Дзяніс Герасімовіч, а таксама старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі санаторыя, галоўная медыцынская сястра Таццяна Бялевіч. Каб пра ўсё расказаць, што мы ўбачылі, трэба не адна старонка газеты.

Пасля невялікай кава-паўзы прайшло пасяджэнне выязнога прэзідыума Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў у канферэнц-зале санаторыя. З дакладам «Аб сацыяльным партнёрстве ў Пружанскім раёне» выступіла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук. Было адразу бачна, што Таццяна Юр’еўна дасканала валодае ўсімі аспектамі гэтага пытання, ды і не толькі яго. Яна граматна, талкова, без «шпаргалак» расказала аб працоўных і сацыяльных адносінах, якія склаліся ў Пружанскім раёне, аб супрацоўніцтве прафсаюзаў і органаў улады. Пасля акрэслівання некаторай статыстыкі Таццяна Гаманчук адзначыла, што аднымі са сведак сацыяльнага партнёрства з’яўляюцца заключаныя пагадненні з органамі ўлады, наймальнікамі, пракуратурай, грамадскімі арганізацыямі. Таццяна Юр’еўна прывяла мноства прыкладаў дзейнасці гэтых пагадненняў.

З дакладамі таксама выступілі старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Санаторый «Ружанскі» Таццяна Бялевіч, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аховы здароўя Мікалай Скаскевіч, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Міхаіл Іалоп, старшыня аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыі РУП «Брэстэнерга» Сяргей Скаль.

Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч амаль кожнаму з выступоўцаў задаваў пытанні, уносіў слушныя прапановы, накшталт стварэння ў раёне профільных класаў, арганізацыі профільнай групы ў мясцовым каледжы і інш. Прапановы тычыліся жыцця, дбання пра будучае раёна. А яшчэ Міхаіл Міхайлавіч, характарызуючы работу Таццяны Гаманчук, сказаў трапна: «З ёй можна ісці ў разведку!» Думаю, што гэта самая высокая адзнака работы.

Напрыканцы Аляксандр Рагачук уручыў Ганаровую грамату Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Міхаілу Грышкевічу, Падзяку аб’яднання — старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі праектна-вытворчага кааператыва «Зодчы» Андрэю Мартынюку.

Віктар Ільюшчанка Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы тут: https://vk.com/album-23306785_293913810 і https://ok.ru/budni/album/963379152520