«Горад роўных магчымасцяў. Стварэнне інклюзіўнай прасторы» — такой была тэма раённай міжведамаснай канферэнцыі, што адбылася 3 лістапада.
Удзельнікі канферэнцыі паставілі перад сабой мэту абмеркаваць і падзяліцца вопытам па стварэнні ў нашых установах адукацыі даступнага і інклюзіўнага асяроддзя для ўсіх дзяцей.
Экспертамі на канферэнцыі выступілі намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч, намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Алена Дарагасціна, загадчык аддзялення рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ДУ «Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» Таццяна Шпарла, урач-педыятр УАЗ «Пружанская цэнтральная раённая бальніца» Вольга Дзеева, а таксама эксперты ў галіне інклюзіўнай адукацыі, прадстаўнікі розных ведамстваў, грамадскіх арганізацый, кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі раёна.
Руслан Супрыновіч, адкрываючы работу канферэнцыі, пажадаў усім яе ўдзельнікам плённай работы і выказаў упэўненасць, што толькі разам магчыма зрабіць жыццё людзей больш камфортным, асабліва тых, каму трэба дапамагчы адаптавацца да сучаснага жыцця.
Затым было праведзена невялікае бліц-апытанне. Загадзя кожнаму раздалі карткі з рознакаляровымі кружкамі. Калі адказ быў станоўчым, адкрываўся зялёны колер, калі адмоўны — чырвоны.
Пытанні ж былі наступныя: «Інклюзіўнае асяроддзе мае на ўвазе, што кожнае дзіця з рознымі асаблівасцямі і запатрабаваннямі можа атрымаць адукацыю і развіццё разам з іншымі дзецьмі?», «Ідэя інклюзіі не падзяляе дзяцей на групы, яна дае права розным дзецям быць у адным класе?», «Інклюзія – гэта «вайна з самім сабой?», «Наша грамадства павінна быць адкрытым для любога члена гэтага грамадства?», «Сацыяльная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь пачала арыентавацца на інклюзію — уключэнне людзей з інваліднасцю ў грамадства?».
Па адказах было бачна, што прысутныя ў зале ўключаны ў праблему інклюзіўнай адукацыі. Сапраўды, у Пружанскім раёне створана і эфектыўна функцыянуе сетка, якая задавальняе патрабаванні ў спецыяльнай адукацыі і карэкцыйнай дапамозе ўсіх зацікаўленых асоб. Улічваючы павелічэнне колькасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, калектыў Пружанскага цэнтра карэкцыйна-развіваючай адукацыі і рэабілітацыі праводзіць мэтанакіраваную работу па фарміраванні інклюзіўнай культуры. Аб гэтым расказала намеснік дырэктара цэнтра Наталля Талстуха.
З дакладамі «Інклюзіўныя практыкі ў вопыце работы сярэдняй школы № 3» выступілі настаўнікі-дэфектолагі школы Іна Жарыкава і Аксана Саўчук. Тэмай даклада Таццяны Шпарла стала «Аддзяленне рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў: інклюзія праз сацыялізацыю».
Затым эксперты выказалі свае думкі наконт разглядаемай на канферэнцыі тэмы.
У кастрычніку ў раёне праводзіўся конкурс сацыяльных відэаролікаў «У нас все #отлично!». Ён ставіў мэту фарміравання ў дзяцей і моладзі актыўнай жыццёвай пазіцыі, маральных якасцей, творчасці, распаўсюджвання ідэй сацыяльнай інклюзіі. На канферэнцыі былі падведзены вынікі конкурсу.
У конкурсе прынялі ўдзел 16 устаноў адукацыі г. Пружаны і Пружанскага раёна. Усе ўдзельнікі пастараліся асвятліць шляхі пераадолення сацыяльнай ізаляцыі, дыскрымінацыі дзяцей з інваліднасцю і з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўстановах адукацыі, уключэнне іх у зносіны, сумесную дзейнасць з аднагодкамі.
У фінансававанні конкурсу прынялі удзел аддзел па адукацыі Пружанскага райвыканкама, аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама, раённы камітэт ГА «БРСМ», Пружанская раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын», кіраўніцтва і пярвічная прафсаюзная арганізацыя ААТ «Пружанскі малочны камбінат», кіраўніцтва і пярвічная прафсаюзная арганізацыя ААТ «Ружаны-Агра».
Вынікі абвясціла старшыня журы Алена Дарагасціна. Трэцяе месца заняў ролік пад назвай «Разам цікавей» Ліноўскай СШ, другое — «Школа для кожнага, школа — для ўсіх» СШ № 4 г. Пружаны і першае — «Мы разам!» СШ № 3.
Узнагароды ўручылі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Юлія Пасько і першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук.
Віктар Ільюшчанка