Суббота, 14 декабря 2024

Пытанні, праблемы і планы ў Пружанскім раёне на бліжэйшы час. Падрабязна пра прыём Юрыя Наркевіча і Мікалая Кудраўца ў Шанях

278

Выязны прыём у Шаняўскім сельвыканкаме правялі на мінулым тыдні член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрый наркевіч і старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай кудравец. Адначасова да іх можна было звярнуцца па тэлефоне. Але ўсе, хто вырашыў задаць свае пытанні адказным асобам, аддалі перавагу асабістай гутарцы.

Першым, хто запісаўся на прыём, быў настаяцель Свята-Мікалаеўскага храма в. Засімавічы Сергій Сямёнаў. Ён звярнуў увагу на стан дарогі паміж аг. Шані і в. Кацёлкі. Айцец Сергій заўважыў, што ў прыходзе шмат пажылых людзей і ён заязджае за некаторымі з іх, каб падвезці на богаслужэнне. Дарога ж, па якой рухаецца і тэхніка мясцовай гаспадаркі, незаасфальтавана, а яе грэйдзіраванне праблем ужо не вырашае.

Дарэчы, заўвагі святара падтрымаў і былы старшыня калгаса Васіль Сарока, які таксама «зазірнуў на агеньчык» — зайшоў павітацца і абмеркаваць пытанні, якія лічыць вартымі ўвагі. Асфальтаванне — самае галоўнае пытанне сённяшняга дня, лічыць ветэран. Гэта і зручнасці для школьнага аўтобуса, што падвозіць дзяцей у школу, і бяспечны рух малакавозаў ад фермы, і праезд сельгастэхнікі.

— Гэта самая загружаная дарога ў сельсавеце, — кажа Васіль Іванавіч.

— Бяром гэтае пытанне на кантроль і будзем ім займацца, — разважае Юрый Наркевіч. — На жаль, я не магу ўмомант дастаць грошы з кішэні і сказаць: рабіце. Але калі паставім асфальтаванне дарогі ў план — пытанне паступова вырашыцца. Інакш немагчыма.

Гутарка ішла і пра афарбоўку дамоў у аг. Шані: частка іх знаходзіцца на балансе мясцовай гаспадаркі, частка належыць КУВП «Камунальнік». Але ўсе аднолькава шэрыя і зусім не дадаюць прыгажосці знешняму выгляду аграгарадка. Выконваючы абавязкі старшыні Шаняўскога сельвыканкама Ірына Бяляева патлумачыла, што пытанне ўжо абмяркоўвалася з кіраўніцтвам ААТ «Шані-аграпрадукт» і камунальнай службай. Аказалася, што перад афарбоўкай трэба адрамантаваць стыкі ў панэльных дамах, частка гэтых работ праведзена пакуль дазваляла надвор‘е, астатняе адкладзена да вясны. Але алгарытм работ і іх фінансавання ўжо распрацаваны і ў наступным годзе плануецца пытанне вырашыць.

Жыхарку аг. Шані таксама хвалявалі жыллёвыя праблемы. Жанчына скардзілася на тое, што з-за непаладак у правядзенні каналізацыі ў яе кватэры існуе пастаянная пагроза затаплення сцёкамі. Набалелае пытанне на працягу некалькіх гадоў не вырашаецца канчаткова: ачыстка каналізацыйнага калодзежа толькі на некаторы час здымае праблему.

Тут ужо сенатар дастаткова жорстка размаўляў з адказнымі асобамі КУВП «Камунальнік»:

— Гэта ненармальна, што чалавек не можа нават на адпачынак паехаць або ў бальніцу легчы, павінен пільнаваць сцёкавы калодзеж. Спадзяюся, што вы адразу выедзеце на месца і праблема нарэшце будзе закрыта назаўсёды.

У журналістаў была магчымасць пагутарыць з Юрыем Іосіфавічам і пра праблемы, з якімі звярталіся да яго жыхары іншых сельсаветаў. Значную частку іх удалося вырашыць.

Напрыклад, з вялікай удзячнасцю звярталіся ў рэдакцыю жыхары в. Гарадняны і тыя, каму даводзіцца праязджаць па вясковай вуліцы: нядаўна тут быў пракладзены асфальт. Зусім іншы выгляд набылі сёлета пасля асфальтавання і вуліцы аг. Лінова. «Зручна і чыста», — кажуць людзі.

Пакуль толькі часткова вырашылася пытанне транспартнага паведамлення аг. Шчарчова, з якім звярталіся мясцовыя жыхары ў сёлетнім чэрвені: даводзіцца дамаўляцца з гродзенскімі аўтаперавозчыкамі, якія не ва ўсім ідуць насустрач. Але праблему працягваюць трымаць на кантролі.

— Яшчэ раз паўтару: немагчыма мець усё і адразу, — кажа Юрый Наркевіч. — Паступова, нават у некаторай ступені павольна, але справа робіцца. І якая справа! Паглядзіце, як за апошнія гады змянілі аблічча нашы гарады і сельскія населеныя пункты, якімі прыгожымі сталі Пружаны, Ружаны, шэраг аграгарадкоў вашага раёна. Дарэчы, ёсць прапанова, каб адны з «Дажынак» прайшлі ў Шарашэве, і гэта таксама дасць штуршок да развіцця гарадскога пасёлка. І яшчэ адзін сакрэт адкрыю: у наступным годзе ў Пружанах пройдзе рэспубліканскі фестываль «Вытокі», — акцэнтаваў увагу сенатар. — Лічу, што горад заслужыў права правядзення імпрэзы такога высокага ўзроўню.

Ірына Сядова.

Фота Кацярыны Масік