
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад па пытаннях дзейнасці Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На мерапрыемства да кіраўніка дзяржавы былі запрошаныя старшыня дзяржаўнага грамадскага аб’яднання Ігар Шуневіч і віцэ-прэм’ер Леанід Заяц.
Звяртаючыся да Ігара Шуневіча, кіраўнік дзяржавы сказаў: «Наколькі я разумею, вы ініцыявалі гэту размову ў сувязі з тым, што прынятае рашэнне ва ўрадзе не зусім тое, што хацела б грамадства».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсе гэтыя пытанні будуць разгледжаны на дзяржаўным узроўні без якога-небудзь ведамаснага падыходу. «Вы ж разумееце, ёсць дзяржаўныя інтарэсы, асабістыя, інтарэсы грамадства. Але трэба зрабіць разумна — так, як гэта лепш для дзяржавы і для людзей, якія ў нас сёння знаходзяцца ў нашай арганізацыі», – сказаў беларускі лідар.
У прадстаўленым Прэзідэнту пераліку пытанняў ёсць тэма, якая датычыцца вытворчасці боепрыпасаў для гладкаствольнай зброі. «Нічога тут дрэннага я не бачу. Давайце падумаем, як гэта лепш зрабіць», – заявіў Кіраўнік дзяржавы.
На парадку дня таксама пытанне карэкціроўкі заканадаўства па абароце зброі і боепрыпасаў. «Таксама можам разгледзець гэта пытанне», – адзначыў Прэзідэнт.
Адна з тэм для абмеркавання датычыцца рэгулявання колькасці жывёл і птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. «Пытанне супердзяржаўнае, вельмі важнае для іміджу нашай краіны ў тым ліку», – заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Асобнае пытанне датычыцца статута грамадскага аб’яднання. «Што там такое, аб чым не дамовіліся ва ўрадзе?» – пацікавіўся Прэзідэнт.
Ён таксама выказаў гатоўнасць абмеркаваць і шэраг іншых пытанняў, якія будуць на карысць дзяржавы: «Накшталт таго, што недзе там у Мінску, наколькі я памятаю, вы прэтэндуеце на нейкі асобны будынак, і да гэтага часу пытанне нібыта не вырашана. І шэраг праблем, якія трэба вырашаць, і яны застопарыліся на ўзроўні службовых асоб органаў улады да Прэзідэнта».