Пятница, 14 июня 2024

Пытанне з гарадской каналізацыяй у Пружанах вырашана канчаткова

305

Як памятаюць гараджане, у студзені мінулага года ў гарадской каналізацыйнай сетцы адбылася сур’ёзная аварыя, якая стварыла жыхарам райцэнтра адчувальныя праблемы з водазабеспячэннем. Каб выключыць паўтарэнне падобных выпадкаў, у мінулым годзе і сёлета камунальнай службай была праведзена маштабная работа па мадэрнізацыі адпаведнага абсталявання і самой калектарнай сеткі. Пра этапы выканання даволі сур’ёзных планаў мы неаднаразова расказвалі на старонках «раёнкі». І вось надышоў той момант, калі можна смела сказаць: «Усе работы завершаны!».

Як расказвае намеснік дырэктара КУВП «Камунальнік» Віталій Казлоў, напрыканцы сакавіка была пастаўлена канчатковая кропка ў грандыёзных мерапрыемствах, якія ўключалі ў сябе замену галоўнага напорнага калектара ад гарадской мяжы да ачышчальных збудаванняў і поўную рэканструкцыю тэхнічнага аснашчэння галоўнай каналізацыйна-помпавай станцыі ГКПС.

— На рэалізацыю праекта было асвоена 944 тысячы рублёў, асноўная частка якіх — каля 600 тысяч рублёў — накіравана на набыццё абсталявання, — расказвае Віталій Ігаравіч. — Менавіта з-за апошняга давялося крыху мяняць першапачатковыя тэрміны, таму што з-за ўведзеных санкцый выкарыстоўвалася іншая лагістыка паставак замежных помпавых аналагаў.

Але клопаты былі таго вартыя, таму што цяпер замест старых помпаў, на энергазабеспячэнне якіх патрэбна было больш за 130 кілават электраэнергіі, працуюць больш эфектыўныя ўстройствы, што спажываюць у пяць разоў менш электрычнасці. Спрасцілася кіраванне агрэгатамі, якое зараз ажыццяўляецца дыстанцыйна з дапамогай камп’ютарызаванага абсталявання.

Акрамя таго, на новыя былі заменены запорная арматура, трубаправоды і іншая інфраструктура.

Але, хаця цяпер ГКПС запрацавала належным чынам, поўнасцю забяспечваючы патрэбы гарадскога насельніцтва, Віталій Казлоў звяртаецца да пружанцаў з просьбай захоўваць культуру карыстання «зручнасцямі»: не спускаць у каналізацыю гігіенічныя сурвэткі, пракладкі і іншыя сінтэтычныя вырабы. Дадаткова для фільтрацыі смецця ў стоках была ўстаноўлена буйнагабарытная рашотка плошчай каля дзясятка квадратных метраў. Дык вось гэты аб’ём забіваецца зараз літаральна за 20 мінут, у выніку чаго перыядычна работнікам аб’екта даводзіцца ачышчаць рашотку ад адходаў, якія людзі кідаюць ва ўнітаз. А гэта павялічвае нагрузку на абсталяванне, паскарае яго знос і стварае новыя аварыйныя пагрозы.

Каб поўнасцю вывесці на сучасны ўзровень работу камунальнай інфра-структуры па водаадвя-дзенні, дадаткова трэба правесці рэканструкцыю гарадскіх ачышчальных збудаванняў. Гэта, як паведаміў намеснік дырэктара КУВП «Камунальнік», таксама ў планах і пры з’яўленні фінансавання будзе абавязкова рэалізавана.

Алег Сідарэнка.

Фота Кацярыны Масік