У Кобрыне каля аднаго з магазінаў бачыў знак «Стаянка» з прымацаванай унізе шыльдачкай «Толькі для пакупнікоў магазіна». Калі гэтак дазваляецца рабіць Правіламі дарожнага руху, то ці можна жыхарам нашага шматпавярховага дома пасля стварэння побач з ім за ўласныя грошы аўтастаянкі забараніць іншым паркавацца там?
Са званка ў рэдакцыю.
Сітуацыю каменціруе начальнік аддзялення ДАІ Сяргей Мышкевіч:
— У саміх ПДР ёсць толькі адно магчымае выключэнне ў падобнай сітуацыі, і тычыцца яно транспартных сродкаў, якімі кіруюць вадзіцелі-інваліды. Напрыклад, стаянка на канкрэтным месцы можа быць забаронена для ўсіх, акрамя інвалідаў.

Пагаджуся, што «шыльдачкі» ўсё роўна ўстанаўліваюцца, што можна палічыць парушэннем Правілаў. Хаця ёсць міжведамасныя пагадненні. У прыватнасці, асобныя месцы на вызначанай пляцоўцы могуць адводзіцца для службовага транспарту праваахоўнікаў. Таксама, пагадзіцеся, пэўныя забараняльныя меры патрэбны і там, дзе паркуецца транспарт санітарных службаў: а раптам каранцінныя абмежаванні? У той жа час падобныя акалічнасці не распаўсюджваюцца ні на магазіны, ні рэстараны, ні іншыя ўстановы грамадскага абслугоўвання.
Тое ж самае тычыцца і ўнутрыдваровых аўтастаянак. У сталіцы гэта прывяло да таго, што за апошнія два гады ў мінскіх дварах не было створана ні адной паркоўкі за кошт сродкаў жыхароў. Звязана гэта з тым, што грамадзяне, якія панясуць выдаткі на ўладкаванне стаянкі, ніякіх правоў на абмежаванне іншым права паркоўкі не атрымаюць. Магчыма такое толькі для жыхароў кааператыўнага ўзвядзення. У такіх выпадках за домам замацоўваецца пэўная тэрыторыя, якую можна абгарадзіць і паставіць шлагбаумы-слупкі-ланцугі. Для камунальных дамоў такое не прадугледжана, і жыхары пасля ўладкавання аўтастаянкі не маюць права забараняць карыстацца ёю іншым, бо паркоўка будзе знаходзіцца на землях агульнага карыстання. Таму «шыльдачкі» з забаронай паркавацца іншым, акрамя жыхароў дома (пад’езда), застануцца толькі інфармацыяй-рэкамендацыяй, увагу на якія звяртаць неабавязкова.
Падрыхтаваў Алег Сідарэнка