Чаму прыбіраюць гнёзды буслоў з электрычных слупоў? З такім пытаннем у рэдакцыю нашай газеты звярнуўся жыхар аграгарадка Лінова. Ён лічыць, што гэтую тэму варта ўзняць на старонках газеты, яна важная для ўсіх беларусаў — бусел наш сімвал.
Падобныя пытанні неаднаразова ўздымаліся жыхарамі раёна і асвятляліся на старонках нашай газеты ў мінулыя гады. Таму мы ведаем, што ў спрэчках звычайна людзі дзеляцца на два лагеры, адны сцвярджаюць, што бусліныя гнёзды, дзе б яны ні былі, павінны заставацца непарушнымі, іншыя, хто сутыкнуўся з праблемамі з перадачай электрычнасці ў свае жылыя памяшканні, хацелі знайсці іншае выйсце з гэтай сітуацыі.

Варыянты ў выпадках, калі гняздо стварае небяспеку, сапраўды ёсць. Напрыклад, грамадзянін, які тэлефанаваў карэспандэнтам, звярнуў увагу, што ёсць канструкцыі, якія ўсталёўваюць крыху вышэй за электрычныя правады, у выніку бусел гняздзіцца на адным і тым жа месцы, не наносячы ніякага ўрону электразабеспячэнню.
А вось што з гэтай нагоды патлумачыў першы намеснік дырэктара — галоўны інжынер філіяла «Пружанскія электрычныя сеткі» РУП
«Брэстэнерга» Аляксандр Богдан.
— Мы вядзём работы згодна з дзеючым заканадаўствам. У адпаведнасці з Законам «Аб жывёльным свеце» разбурэнне нежылых гнёздаў птушак (гэта тычыцца не толькі буслоў) дазволена толькі з 15 жніўня па 15 лютага. У іншы час у гэтым напрамку ніякіх мерапрыемстваў не праводзіцца.
Што тычыцца дадатковых платформ на слупе для пражывання буслоў, то такія сапраўды ёсць і ўжо неаднойчы ўсталёўваліся на тэрыторыі нашага раёна. Падобную работу мы мяркуем працягваць. Зараз ідзе закупка матэрыялаў для вырабу платформ, якія нам зробіць філіял «Белаазёрскэнергарамонт» РУП «Брэстэнерга». Як толькі прыстасаванні для гнездавання будуць гатовыя і нам нічога не будзе перашкаджаць, мы працягнем работы па іх усталёўцы, — адзначыў Аляксандр Іванавіч.
Падрыхтаваў Руслан Басак
Фота Кацярыны Масік
